Sziget разагрэўся пад рэгі і ажывіў Боба Марлі

Тым, што збольшага рокавы фэст прысвяціў цэлы дзень стылю рэгі мы абавязаны Бобу Марлі, якому споўнілася 65 гадоў. Святкавалі ўсім Сігетам пад лепшыя рэгі-банды свету! Дзякуючы фэсту ў фэсце – а менавіта рэгі-фэсту ў сігет-фэсце – на нулявы дзень Сігету прыехала рэкордная колькасць людзей. Ужо да 15:00 – часу, калі пачаўся першы канцэрт – пляцоўка каля галоўнай сцэны амаль цалкам запоўнілася людзьмі. А да трэцяга канцэрту, калі выступалі Toots & the Maytals, яшчэ і разварушылася і пачала гучна спяваць вядомыя ім песні , як "Give it to me".





Пасля канцэрту Toots & the Maytals Еўрарадыё нечакана сустрэла Яўгена Калмыкова – дырэктара гурта Ляпіс Трубяцкой, які, як высветлілася, спецыяльна прыехаў на Сігет на 4 дні раней за выступленне Ляпісаў, каб паслухаць легендарную каманду The Wailers. Легендарная яна тым, што ў ёй пачынаў сваю кар’еру Боб Марлі.



Еўрарадыё: Яўген, ты на Сігеце ўпершыню. Чаму?

Яўген Калмыкоў: Таму што Грае The Wailers. А так бы ўвогуле не даехаў! Ну і канешне таму, што "Ляпіс Трубяцкі". Але "Ляпіс Трубяцкі" грае 13-га, а сёння 10. Пакуль мне не падабаецца, што гэта толькі каверы, бо каверы – гэта другасная сыравіна ўсе роўна, гэта дыскатэка. Паглядзім, што яны будуць рабіць праз паўгадзіны.

Праз паўгадзіны The Wailers, з арыгінальнага складу якога застаўся хіба толькі адзін удзельнік, працягнулі сыпаць каверамі – Rastaman Vibration, One love, Jammin’.



Нягледзячы на такі пазітыў з галоўнай сцэны, Яўген Калмыкоў застаўся расчараваны кавер-бэндам. Але мы сустрэлі яшчэ адну беларускую калямузычную персону – Сяргея Будкіна з “Тузіна Гітоў”, які сказаў, што “Калмыкову трэба было прыехаць гадоў 30 таму. Ён бы тады заспеў The Wailers, а гэта не The Wailers, гэта проста людзі, якія выкарыстоўваюць гэтую шыльду. Трыб'ют-гурт. Але мне падаецца, што хто б не выйшаў на гэтую сцэну, усім бы зайшло, таму што атмасфера такая".

Дарэчы, Еўрарадыё знайшло далёка не двух беларусаў на Сігеце. Каля галоўнай сцэны разбіўся беларускі лагер – даволі дэмакратычны, бо на намётах вісяць як чырвона-зялёныя, так і бел-чырвона-белыя сцягі... і канфліктаў не назіраецца.







Хлопцы і дзяўчаты, частка з якіх прыехала цэнтралізавана на спецыяльным “музычным аўтобусе”, ўчорашнім рэгі-днём былі зачараваныя.

І гэта нягледзячы на тое, што самай папулярнай штукай “нулявога дня” сярод беларусаў стала ўсё ж не рэгі, а “халяўныя” тэлефоны ад мясцовага аператара, якія за 10 долараў маглі набыць усе наведвальнікі Сігету.

Паша:
"Так, The Wailers былі беспадобныя. Гэта было варта таго, тэлефон нават побач не стаяў у параўнанні з імі. Таму шта тэлефон - гэта бязглуздіца, а гэта была энэргетыка, якая разрывала на кавалкі".

Пасля The Wailers на сцэну выйшлі брытанцы UB40 – гэта быў апошні канцэрт на галоўнай сцэне. Пад UB40 нават стэйдж-дайвінг пачаўся, але такі добры, растаманскі. Гэта калі хлопец пасля таго, як “пакатаўся” на руках, прасіў прабачэння ў дзяўчат за “нязручнасць”.
Сваімі ўражаннямі ад UB40 з Еўрарадыё падзяліўся Зміцер Падзім, арганізатар музычнага сігет-падарожжа з Мінску:

Падзім: “Парадавалі асабліва UB-40, не чакаў, што гэта такія рабяты. Душэўна і бадзёра выглядаюць. Усе ведаюць хіты UB-40, але хітоў не спелі, а спелі свае адносна новыя песні. І было адчуванне, што ты заўседы чуў гэтыя песні, легка падпяваў, чуючы ўпершыню. Гэта паказчык, спадабаўся канцэрт ці не. Калі спявае душа, тады канцэрт задаўся.”

Пасля пяці рэгі-канцэртаў ва ўсіх сігетаўцаў працягнула спяваць душа! Але ўжо пад Red Hot Chilly Peppers, Nirvana і “Ай лайк ту мув іт мув іт”, якія гучалі з кожнага бару на працягу ўсёй ночы.


Такім чынам фестывальная выспа рыхтавалася да рокавага пачатку! Дзень першы  – The Toy Dolls, Ska-P, The Hives і Madness.



Заўтра слухайце працяг!

Фота: Міла Котка

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі