Трамп падмануў Вялікага Брата, кліматычны калапс прыпадзе на 2057 — #ІхНоравы

Сінгапур здзіўляе, а перамены клімату пужаюць /калаж Улада Рубанава

Сінгапур здзіўляе, а перамены клімату пужаюць /калаж Улада Рубанава

Паспяховыя дзяржавы, якія хацелася б браць за прыклад, часам прымаюць спрэчныя рашэнні. Вось як Сінгапур: здавалася б, краіна будучыні, а карае смерцю, як у Сярэднявеччы.

Але не толькі яны натхняюцца мінулым. Навукоўцы прадказваюць, што чалавецтва са сваім прагрэсам хутка адкаціцца на 12 тысяч гадоў назад. Гэта яшчэ не канец свету, але гучыць так сабе…

Толькі Трамп не сумуе: назваў пракурора вар’ятам, бо той выставіў яму новыя абвінавачанні. Пра ўсё гэта чытайце ў нашым штотыднёвым аглядзе міжнародных навін!

Сінгапур бязлітасны да наркаманаў

Сінгапур трапіў у навіны ў сувязі з падзеяй, якая ніяк не ўпісваецца ва ўяўленні пра высокаразвітую краіну. Рэч у тым, што там упершыню за 20 гадоў прысудзілі да вышэйшай меры пакарання жанчыну — 45-гадовую Сарыдэві Джамані.

Яе затрымалі яшчэ ў 2016 годзе за захоўванне гераіну з мэтай збыту. У яе тады знайшлі 30 грамаў наркотыку. Прысуд ёй агучылі ў 2018 годзе. Летась суд адхіліў яе апеляцыю. І вось 28 ліпеня яе павесілі.

У Сінгапуры абарот наркотыкаў лічыцца цяжкім злачынствам, бо, паводле дзяржавы, нясе шкоду не толькі пэўнаму чалавеку, але і грамадству ў цэлым. З сакавіка 2022 паводле “наркатычных” артыкулаў у Сінгапуры пакаралі смерцю 16 чалавек. Але жанчыну апошні раз прысуджалі да смерці ў 2004 годзе.

Трамп падмануў Вялікага Брата, кліматычны калапс прыпадзе на 2057  — #ІхНоравы
Сінгапур здзіўляе падыходам да пакарання за наркотыкі / pixabay.com

ААН і міжнародная супольнасць заклікаюць Сінгапур увесці мараторый. Гэта заможная краіна, якая славіцца бездакорнай чысцінёй, тэхналагічнасцю, праводзіць міжнародныя канферэнцыі і мае штаб-кватэры найбуйнейшых банкаў і карпарацый. І пры гэтым верыць у стрымальную моц смяротнага пакарання ў барацьбе з наркотыкамі.

Гальфстрым знікне?

Калі ўжо нешта і падаецца вечным, дык ці не акіян з яго плынямі? Мы вывучалі Гальфстрым у школе, а цяпер навукоўцы кажуць, што ён можа спыніцца яшчэ пры нашым жыцці! Дацкія даследчыкі зрабілі трывожны прагноз: атлантычная плынь, якая сагравае кантыненты, можа спыніцца ўжо да 2100 года. Найбольш імаверны дыяпазон кліматычнага калапсу — ад 2025 да 2095 года, пік — 2050-2057 гады.

Даследаванне ў часопісе Nature Communications апублікавала Сюзана Дзітлеўсен, прафесарка статыстыкі Капенгагенскага ўніверсітэта. Праца заснаваная на аналізе вялікага масіву вымярэнняў і складаных камп’ютарных разліках. Нічога добрага бяздушная матэматыка нам не прадракае: катастрофа непазбежная.

Трамп падмануў Вялікага Брата, кліматычны калапс прыпадзе на 2057  — #ІхНоравы
Няўжо Гальфстрым спыніцца яшчэ пры нашым жыцці? / istockphoto.com

Спыненнем Гальфстрыма насельніцтва Зямлі навукоўцы пужаюць ужо колькі гадоў. Але цяпер, кажуць яны, не да жартаў. Гэта эфект даміно: выкіды парніковых газаў, раставанне вечных льдоў у Антарктыцы, высечка лясоў Амазоніі – усё гэта вядзе да незваротных зменаў клімату і пераломнага моманту ў гісторыі чалавецтва.

Але наўрад ці так адразу пачнецца вечная зіма, якую паказваюць у фільмах-катастрофах. Напачатку Паўночную Еўропу чакаюць проста больш суворыя зімы, а Азію — вялікая колькасць ападкаў, патопы і павышэнне ўзроўню мора. То-бок мы зможам назіраць клімат, які быў на Зямлі больш за 12 тысяч гадоў таму — менавіта тады апошні раз адключаўся абагравальнік Гальфстрыма.

Трамп не толькі здымаўся ў кіно, але і выдаляў кадры з камер відэаназірання

Былому прэзідэнту ЗША Дональду Трампу выставілі новае абвінавачанне па справе аб неналежным абыходжанні з сакрэтнымі дакументамі. Следства лічыць, што ён выдаліў здымкі з камер відэаназірання, на якіх было бачна, як сакрэтныя паперы дастаўляліся ў яго рэзідэнцыю. Яго саўдзельнікі — асабісты памочнік Уолт Наўт і кіраўнік сядзібай Карлас дэ Алівейра.

Сутнасць абвінавачванняў у тым, што Трамп пасля заканчэння прэзідэнцкага тэрміна не вярнуў канфідэнцыйныя паперы. Гаворка пра 14 скрыняў сакрэтных дакументаў.

Трамп віну адмаўляе і ў адказ называе пракурора вар’ятам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі