Туркменскім студэнткам у Беларусі нельга насіць джынсы, а студэнтам — бароды

Туркменскім студэнткам у Беларусі нельга насіць джынсы, а студэнтам — бароды

Амбасадар Туркменістана ў Беларусі агучыў забароны для студэнтаў-суайчыннікаў, якія навучаюцца ў нашай краіне. Дзяўчатам забаронена насіць джынсавыя штаны і спадніцы, а хлопцам насіць бароды і наведваць мячэці. Пра гэта перадае Радыё "Азатлык" са словаў саміх туркменскіх студэнтаў, якія навучаюцца ў ВНУ Беларусі.

Патрабаванне прагучала на сустрэчы прадстаўнікоў амбасады са студэнтамі ў лютым 2019 года. "Амбасадар пачаў патрабаваць, каб мы менш швэндаліся па клубах і рэстаранах. Забараніў дзяўчатам апранаць джынсавыя штаны, спадніцы ці падобную вопратку. Хлопцам студэнтам загадаў не насіць бараду. Сказаў, што хлопцы з бародамі падобныя да тэрарыстаў. Тут за мячэцямі пільна сочаць супрацоўнікі КДБ. Яны сочаць за тым, хто са студэнтаў наведвае мячэці", — падзяліўся падрабязнасцямі размовы адзін са студэнтаў.

Студэнты спыталіся, чаму туркменскія банкі блакуюць іх банкаўскія карткі. У адказ на гэта амбасадар абвінаваціў іх саміх. Ён заявіў, быццам студэнты здымаюць грошы з картак, мяняюць іх на долары і пасылаюць бацькам і сваякам назад у Туркменістан, а тыя мяняюць гэтую валюту на чорным рынку.

Праблемы з карткамі ў турменскіх студэнтаў у Беларусі перыядычна ўзнікаюць цягам апошніх двух гадоў. Таксама паведамлялася пра абмежаванні на адпраўку грошай з Туркменістана. Пластыкавыя карты Знешэканамбанка Туркменістана з'яўляюцца адзіным плацежным сродкам для многіх студэнтаў з гэтай краіны. Цяпер па картках можна зняць не больш за 60 долараў у месяц, пры гэтым 25% ад запытанай сумы банк здымае як камісію за выдачу наяўных сродкаў.

Студэнт Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага універсітэта прызнаўся, што грошай, дасланых бацькамі, ледзь хапае на ежу і плату за інтэрнат, які каштуе 20 долараў у месяц.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі