"Тым больш ёсць прышчэпачкі": "Гродна Азот" часткова адмяніў меры па COVID-19

На "Азоце" адмяняюць некаторыя меры па супрацьдзеянні COVID-19 / калаж Еўрарадыё
На "Азоце" адмяняюць некаторыя меры па супрацьдзеянні COVID-19 / калаж Еўрарадыё

2 чэрвеня ў тг-канале "Стачком Азота" выклалі дакумент, які прадугледжвае частковую адмену мер па папярэджанні распаўсюджвання COVID-19 на прадпрыемстве. Еўрарадыё датэлефанавалася на гродзенскі завод: распараджэнне аказалася сапраўдным.

— Гэта звязана з тым, што ўзровень захваральнасці пайшоў на спад, ёсць прышчэпкі, работнікі прышчапляюцца, — расказвае Еўрарадыё намеснік галоўнага інжынера па вытворчасці Віктар Міхневіч, чый подпіс стаіць на распараджэнні.

“Тем более есть прививочки”: “Гродно Азот” частично отменил меры по COVID-19
Віктар Міхневіч / ютуб

Па словах Міхневіча, адменены пункт 1.1 распараджэння прадугледжваў разгрупаванне работнікаў, памяншэнне кантактаў паміж людзьмі, а таксама зрух рабочых графікаў, што дазваляла зменам змяняцца на працягу сарака хвілін.

— Людзі і так кантактуюць у сталовых, крамах, падпісваюць нарады. Я лічу, што мер прынята дастаткова, — кажа Міхневіч. У тг-канале "Стачком Азота" адмену дадатковых мер іранічна называюць "перамогай у распаўсюдзе COVID-19". "Увесь свет змагаецца з COVID-19, а на "Азоце" кіраўніцтва лічыць — раз віруса не відаць, значыць, яго няма, гэта ў нас у галовах", — піша канал стачкама.

Ці могуць вярнуць дадатковыя меры папярэджання захваральнасці на каранавірус на прадпрыемстве?

— Калі эпідэміёлагі скажуць, што ў нас вялікая пагроза, тады вернем меры. Вяртацца ў нармальнае жыццё, напэўна, неяк трэба. Тым больш ёсць прышчэпачкі. Я зводкі адсочваю, па прадпрыемстве заражэнняў усё менш і менш.

Зводкі аб эпідэміялагічнай сітуацыі на прадпрыемстве Віктару Міхневічу паступаюць ад галоўнага доктара. Праўда, колькі работнікаў "Гродна Азот" прышчэплена, намеснік галоўнага інжынера не ў курсе.

— Вы, вядома, такія пытанні задаяце. Ёсць галоўны доктар, які адказвае за здароўе.

Як паведамляецца ў газеце "Гродненский химик", па стане на 1 чэрвеня на "Гродна Азот" было зарэгістравана 11 супрацоўнікаў з каранавіруснай інфекцыяй, ачуняла 1677 чалавек. У медсанчастцы "з ВРВІ знаходзяцца 45 чалавек", дыягнаставана дзве пнеўманіі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі