У 2011 годзе ў Бабруйску ледзь не здарылася трагедыя, падобная да барысаўскай
Адной з магчымых прычын трагедыі, якая здарылася ў Барысаве 27 студзеня, называюць атручванне ўгарным газам. У кватэрах загінулых сем’яў былі ўсталяваныя газавыя калонкі для нагрэву вады. Па версіі, распаўсюджанай Міністэрствам энергетыкі, дымаход у нешчаслівым пад’ездзе быў забіты ільдом. У выніку смяротна небяспечны газ паступова запоўніў кватэры і забіў жыхароў.
Следчы камітэт праводзіць неабходныя экспертызы — выявіць угарны газ у целах загінулых няпроста.
Тым часам у сацыяльных сетках абмяркоўваюць трагедыю. Большая частка каментатараў схільная вінаваціць у здарэнні газавікоў, аднак ёсць галасы і ў падтрымку версіі пра ўгарны газ. Доктар “хуткай” з Бабруйска Канстанцін Таўстаногаў падзяліўся гісторыяй са сваёй практыкі, якая здарылася ў 2011 годзе. Ён расказаў, што тады загінула 12-гадовая дзяўчынка, а большай колькасці ахвяр удалося пазбегнуць толькі дзякуючы своечасовай рэакцыі.
“Дзіця ляжыць на канапе на руках у бацькоў. Мокрае, загорнутае ў ручнік, трэба думаць, дасталі з ванны. Зрэнкі шырокія, дыхання няма, сэрцабіцця таксама. Не падманулі. Выгляд у бацькоў вельмі прыстойны. Вонкава нават сімпатычныя, нягледзячы на сітуацыю. Цвярозыя (гэтая дэталь машынальна адзначаецца заўсёды)… У такіх выпадках мы працуем як прапаршчыкі з вядомага анекдота, спачатку трасем, потым пытаем. Цела на падлогу. Рэанімацыя. Дзяцей адкачваць пачынаюць заўсёды, незалежна ад меркаваных тэрмінаў наступлення смерці. ЭКГ — простая лінія. Працуем, схема вядомая… Высвятляецца. Прыйшла мама дадому і знайшла дзяўчынку ў ваннай тварам уніз… Вада лілася. У лёгкіх пры ШВЛ таксама не хлюпае. Не, нічым не хварэла, толькі прастудныя. Ад чаго можа здаровае, відавочна любімае і дагледжанае дзіця раптоўна памерці ў свае 12 гадоў? У топе звычайна значацца алкаголь, наркотыкі і суіцыд”, — піша доктар.
Тры версіі трагедыі ў Барысаве
Асноўнай прычынай смерці шасці чалавек у ваенным гарадку Лядзішча ў Барысаве называюць атручэнне газам.
Далейшыя падзеі разварочваюцца хутка. Дзяўчынку спрабуюць рэанімаваць амаль 30 хвілін, медыкі да апошняга не хочуць верыць у смерць дзіцяці, бацькі якога знаходзяцца побач з імі. Але раптам дактары разумеюць, што з імі таксама не ўсё добра.
“28-я хвіліна рэанімацыйных мерапрыемстваў. Эфекту — нуль… Я падняў вочы. Дзе адрэналін? Хлопцы, пачакайце, нешта мне нядобра, па-мойму, я зараз вырублюся… Коля (калега — Еўрарадыё) сказаў, што яму таксама ўжо хвілін пяць як хранова. Пачуццё такое, што здохне праз хвіліну… Я з нязвыкла каламутнай галавой, не разумею, з чаго б так цяжка пампаваць, бо не дзядзька 120-кілаграмовы, а сілаў няма, адышка нейкая, у галаве пульсуе... Святло нейкае яркае, у вушах шум. Брыгада ўтаропілася адно на аднаго, ужо ведаючы, што адкажа раптам прыціхлы ў куце пакоя тата… Вылупіліся на мёртвае дзіця і пільнасць страцілі. Нешта нядобра мне. Вушы заклала, у вачах зайчыкі, ногі ватныя — ціха сказаў тата дзіцяці”, — такім чынам апісвае свае адчуванні ад атручвання ўгарным газам доктар Канстанцін Таўстаногаў.
Брыгада “хуткай” амаль адначасова зразумела, што прычына ў атручванні угарным газам. Медыкі літаральна ў апошні момант перад стратай прытомнасці змаглі выбрацца з кватэры. Маці памерлай дзяўчынкі, якая ўвесь гэты час знаходзілася на кухні, давялося выносіць на вуліцу на руках — яна была амаль без прытомнасці, да смерці заставаліся хвіліны.
Пасля таго здарэння ў Бабруйску праверылі ўсе кватэры, дзе былі ўсталяваныя газавыя калонкі. Як высветліла экспертыза, прадукты гарэння бытавога газа (у тым ліку і ўгарны газ) не мелі выхаду з кватэр праз кепскую вентыляцыю.