У Бабруйску падатак "за дармаедства" просяць заплаціць нежывога чалавека
На адрас бабруйчаніна Аляксея Сцепанчука на пачатку кастрычніка прыйшоў ліст з падатковай інспекцыі. "Вам неабходна тэрмінова з'явіцца ў інспекцыю для прадастаўлення тлумачэнняў па пытанні ўдзелу ў фінансаванні дзяржаўных выдаткаў у 2015 годзе", ― гаворыцца ў лісце.
А далей тлумачыцца, што калі Аляксей Сцепанчук у інспекцыю не з'явіцца альбо не зможа патлумачыць, якім чынам ён удзельнічаў у фінансаванні згаданых дзяржаўных выдаткаў, то яму прыйдзецца заплаціць 360 рублёў збору.
Падаткавікі спасылаюцца на Дэкрэт кіраўніка краіны ад 2 красавіка 2015 года, у народзе больш вядомы як дэкрэт "аб дармаедстве". Ліст падпісаны намеснікам дырэктара бабруйскага аддзялення інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах спадаром Тарабуевым.
Але Аляксей Сцепанчук ў бабруйскую падатковую інспекцыю прыйсці не зможа пры ўсім жаданні. Ён нават не можа ведаць аб існаванні дэкрэта кіраўніка краіны "аб дармаедах". Таму што Аляксей Сцепанчук загінуў яшчэ да яго падпісання ― у 2014 годзе. Бабруйчанін працаваў у Маскве і ў яго спынілася сэрца.
Фота ліста падаткавікоў нябожчыку трапляе ў сацсеткі. Яго сястра Кацярына расказвае, што лічыць гэтую сітуацыю ненармальнай.
"Я неяк перажыла смерць брата. А па маёй маці гэта вельмі моцна ўдарыла. Лічу, што яны павінны папрасіць прабачэння за гэты ліст, за сваю памылку. Гэты дэкрэт і так нікому не падабаецца, а тут яшчэ нават не могуць прасачыць, каму дасылаюць паведамленні. Гэта проста непрымальна", ― кажа сястра Аляксея.
Намеснік кіраўніка падатковай інспекцыі Бабруйска Юрый Тарабуеў у размове з Еўрарадыё патлумачыў, што адбылася памылка. Базы асобаў, якія абавязаныя выплаціць грошы дзяржаве паводле дэкрэта №3, толькі складаюцца, таму здараюцца вось такія выпадкі.
"Такіх памылак шмат пакуль. Базы удакладняюцца. Пакуль яны недасканалыя, інфармацыю мы ўдакладняем з дапамогай праваахоўных органаў, робім запыты. З часам памылак стане менш", ― сказаў Тарабуеў.
Таму калі вашага знаёмага нябожчыка раптам запросяць наведаць падатковую інспекцыю ― не палохайцеся.