У Барысаве амапавец метровай мантыроўкай разбіў шкло таксоўкі (фота)
У Барысаве амапавец метровай мантыроўкай разбіў шкло таксоўкі. Праваахоўнікі праводзілі аперацыю па затрыманні наркаманаў. Як інфармуе сайт abw.by, здарэнне адбылося 19 ліпеня пасля 17-й гадзіны. Таксоўка на замову завезла трох пасажыраў з Барысава ў раён тарфянога балота. Адзін з іх выйшаў на 5 хвілін, а калі вярнуўся, усе паехалі на аўтамабілі назад у горад.
На чыгуначным пераездзе апусціўся шлагбаўм і таксоўка спынілася. Да яе пад'ехаў мікрааўтобус, з якога выбеглі людзі ў бронекамізэльках і ў масках. Адзін з іх, як пасля аказалася — амапавец, метровай мантыроўкай разбіў лабавое шкло таксоўкі.
Кіроўца быў затрыманы разам з пасажырамі. Толькі хвілін праз 25 з яго знялі кайданкі і ён ужо праходзіў як сведка. Цяпер таксіст спрабуе разабрацца, хто ж аплаціць рамонт машыны. Амапавец можа несці матэрыяльную адказнасць толькі ў выпадку, калі яго дзеянні прызнаюць неправамернымі. Больш шанцаў спагнаць грошы на рамонт з пасажыраў, калі падаць грамадзянскі іск аб кампенсацыі матэрыяльнай, а магчыма і маральнай шкоды.