У Беларусі абвесцяць амністыю з нагоды юбілею Перамогі
Улады мяркуюць, што ў месцах пазбаўлення волі “таксама чакаюць гэтую дату”.
Міністэрства ўнутраных справаў і Генпракуратура прапануюць правесці сёлета амністыю з нагоды 70-годдзя Перамогі. Такую інфармацыю агучыў начальнік Дэпартамента выканання пакаранняў МУС Сяргей Дарашэнка ў часе наўпроставай тэлефоннай лініі ў рэдакцыі газеты “СБ-Беларусь сегодня”.
Аднак пакуль не вырашана, якія менавіта артыкулы Крымінальнага кодэксу трапяць пад гэтую акцыю, напрыклад, ці будзе яна тычыцца асуджаных за незаконнае абарачэнне наркотыкаў.
Паводле прадстаўнікоў МУС і Генпракуратуры, законапраект, у якім дакладна прапішуць, каго менавіта будуць амніставаць, павінен паступіць у парламент не пазней за 16 красавіка.
Нагадаем, папярэдняя амністыя была прымеркаваная да 70-х угодкаў вызвалення Беларусі ад нямецкіх захопнікаў. Да снежня 2014-га на працягу паўгода на волю выйшлі 2017 зняволеных, 2494 грамадзянам скарацілі тэрмін адбыцця пакарання на 1 год.
Фота: Fotolia