У Беларусі адмянілі штраф за забытыя правы кіроўцы
У Беларусі з снняшняга дня адменены штраф за забытыя правы кіроўцы, перадае БЕЛТА са спасылкай на УДАІ МУС.
Гэта адбылося дзякуючы таму, што набылі моц змяненні і дапаўненні ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях. У прыватнасці, адмененая спецыяльная норма (арт.18.18 КаАП), якая вызначала адказнасць за адсутнасць пры сабе неабходных дакументаў, прадугледжаных ПДР.
У ДАІ, аднак, рэкамендуюць кіроўцам не злоўжываць адсутнасцю дакументаў. Працэдура праверкі па базах даных патрабуе пэўнага часу. Акрамя таго, кажуць даішнікі, у сістэме можа не быць інфармацыі пра дакументы, выдадзеныя даўно, тады спатрэбіцца дадатковая праверка.
Раней штраф за адсутнасць дакументаў складаў ад 0,1 да 2 базавых велічыняў. Цяпер кіроўцу могуць прыцягнуць да адказнасці з фармулёўкай "іншыя парушэнні".
Дарэчы, за паўторнае — на працягу аднаго года — кіраванне транспартным сродкам асобай без права кіравання прадугледжаны таксама адміністрацыйны арышт — да 15 сутак. Такая катэгорыя спраў будзе разглядацца судамі.
Пры афармленні ДТЗ, дзе удзельнік не атрымаў траўмаў, а ёсць толькі механічныя пашкоджанні транспарту або пашкоджанні маёмасці, кіроўцу прыцягваюць да адказнасці за парушэнне канкрэтнага пункта ПДР, якое стала прычынай здарэння. Калі ўдзельнікі ДТЗ складаюць "еўрапратакол", то адміністрацыйная адказнасць для іх не наступае.
Яшчэ адно з новаўвядзенняў — адмена канфіскацыі талона да пасведчання кіроўцы пры накладанні штрафу. Тэрмін выплаты штрафу, які накладаецца на кіроўцу на месцы парушэння, павялічаны з пяці дзён да аднаго месяца.