У Беларусі нястача медработнікаў: некаторыя ўстановы шукаюць сотні супрацоўнікаў
Усяго ў Беларусі больш за 10 тысяч вакансій, звязаных з медыцынскай сферай / Еўрарадыё
За паўтара года дэфіцыт дактароў у Беларусі павялічыўся на больш як 7 тысяч супрацоўнікаў. Калі на пачатак 2020 года ў краіне не ставала 3 тысячы медыкаў, то да канца чэрвеня 2021-га ўжо больш за 10 тысяч.
Па стане на 21 чэрвеня ў Рэспубліканскім банку вакансій шукаюць 3071 доктара-спецыяліста, 3038 медыцынскіх сёстраў, 1040 фельчараў, 1222 санітары, 1079 ветэрынарных дактароў, 451 памочніка доктара, 373 фармацэўты, 165 акушэраў і 114 медыцынскіх рэгістратараў, статыстыкаў і дэзынфектараў.
Еўрарадыё звязалася з некаторымі медустановамі Беларусі. Аказалася, што 100 вакансій на адну бальніцу — гэта сапраўды рэлевантныя заяўкі.
Моладзь сыходзіць пасля размеркавання
Дзятлаўская цэнтральная раённая бальніца шукае адразу 107 работнікаў. У асноўным гэта медперсанал. Дактароў-спецыялістаў патрабуецца 33, медсёстраў — 38, фельчараў — 5, санітараў — 3.
Ёсць і такія вакансіі, як работнік па рамонце і абслугоўванні будынкаў, адміністратар сетак, правізар-тэхнолаг. У аддзеле кадраў пацвярджаюць, што ўсе вакансіі актуальныя.
— Усіх патроху не стае. Кагосьці ж на паўстаўкі шукаем, кагосьці на чвэрць.
Усяго ў бальніцы працуе 690 чалавек, а пасад — 812.
— У нас, у прынцыпе, заўсёды такая нястача была. Цяпер прайшла моладзь адпрацоўку — і звальняюцца. Таму такая цякучасць. Маладых спецыялістаў прыходзіць толькі 14 чалавек [па размеркаванні ў 2021 годзе. — Еўрарадыё]. Перакрыць імі вакансіі, па якіх звальняюцца, мы не зможам.
Складана знайсці і дактароў агульнай практыкі, і вузкіх спецыялістаў, адзначае суразмоўца. Напрыклад, бальніцы патрэбен доктар-кардыёлаг і эндакрынолаг.
Укамплектаванасць нядрэнная, але патрэбныя медыкі вузкага профілю
Зусім інакш ідуць справы ў ДУ "432 ордэна Чырвонай Зоркі галоўны ваенны клінічны медыцынскі цэнтр Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь".
Рэспубліканскі банк вакансій паведамляе, што ў вайсковы шпіталь трэба 58 работнікаў. Але ў медцэнтры кажуць, што некаторыя вакансіі ўжо не актуальныя.
— Гэта дактары, сярэдні, малодшы, абслуговы персанал, бухгалтэрыя, юрысты, электрыкі, дворнікі і гэтак далей. У нас укамплектаванасць нядрэнная, але спецыялісты патрэбныя вузкапрофільныя.
За паўтара года знайшлі 8 супрацоўнікаў са 110
У Баранавіцкую цэнтральную паліклініку трэба 239 чалавек, гаворыцца на сайце банка вакансій. Па нумары ў адной з аб'яў, дзе пазначана заказчыкам цэнтральная паліклініка, датэлефаноўваемся ў паліклініку №4.
— У нас 239 чалавек дакладна не патрабуецца. Калі нам нехта і патрабуецца, то толькі на 0,5 ці 0,25 стаўкі. Іншыя звесткі па запыце, — адразаюць у паліклініцы №4.
У Расонскай цэнтральнай раённай бальніцы не хапае 50 чалавек.
— Вакансіі ўсе актуальныя, але там дзесьці 0,25 ці 0,5 стаўкі. Астатняе па запыце, — расказваюць нам.
Апошнія суразмоўцы кажуць пра стаўкі, падкрэсліваючы, што не абавязкова на кожную пасаду наймаць новага чалавека. Хтосьці можа проста ўзяць сабе частку стаўкі.
Еўрарадыё ўспомніла і пра Полацкую цэнтральную гарадскую бальніцу, дзе паўтара года таму не ставала 110 работнікаў.
— Медсястра не адна патрабуецца, гэта так. У кожнага свае прычыны, чаму звальняюцца: камусьці заробак здаецца маленькім, хто з'язджае. Тут складана сказаць адназначна, — сказалі ў аддзеле кадраў у студзені 2020 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.