У Беларусі прынялі нормы і правілы ядзернай і радыяцыйнай бяспекі

У Беларусі прынялі нормы і правілы ядзернай і радыяцыйнай бяспекі

У Беларусі прынялі нормы і правілы ядзернай і радыяцыйнай бяспекі. Іх вызначае пастанова №52 Міністэрства надзвычайных сітуацыяў , прынятая 2 кастрычніка 2018 года і апублікаваная сёння на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

У пастанове прапісаныя патрабаванні да вызначэння класа аварыйнай сітуацыі. Аварыйнай гатоўнасцю названы рэжым функцыянавання АЭС, падчас якога парушаныя межы бяспекі эксплуатацыі энергаблока, але прыняцця спецыяльных захадаў па абароне супрацоўнікаў і насельніцтва не патрабуецца. Аварыйная абстаноўка — рэжым функцыянавання атамнай станцыі, падчас якога патрэбнае прыняцці спецыяльных захадаў.

Кіраўніцтва АЭС яшчэ да завозу паліва павінна стварыць камісію па перадухіленні і ліквідацыі надзвычайных сітуацыяў. На атамнай станцыі будуць працаваць унутраны і знешні крызісныя цэнтры, якія з’яўляюцца месцам збору і працы ўдзельнікаў аварыйнага рэагавання і камісіі.

Таксама ў дакуменце пазначаныя дзеянні падчас аварыйных сітуацыяў, парадак спавяшчэння і перадачы інфармацыі пра іх узнікненне. Схему спавяшчэння арганізацыяў, якія ўдзельнічаюць у аварыйным рэагаванні, зацвярджае дырэктар АЭС да завозу ядзернага паліва, паведамляе БЕЛТА.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі