У Беларусі распачалі чарговую крымінальную справу па мадэрнізацыі
Пракуратура Гродзенскай вобласці расследуе нанясенне буйных стратаў "Мастоўдрэву".
Гэта адно з праблемных прадпрыемстваў, дзе праводзіцца мадэрнізацыя. Праверкі пачаліся пасля скандальнага наведвання Аляксандрам Лукашэнкам "Барысаўдрэва". Ён не толькі ініцыяваў адстаўкі чыноўнікаў, але загадаў дасканала даследаваць, як праведзеная мадэрнізацыя на прадпрыемствах па ўсёй краіне.
Камітэт дзяржаўнага кантроля знайшоў некалькі прычын, чаму на "Мастоўдрэве" зацягваецца мадэрнізацыя, на якую ўжо патрацілі каля 180 мільёнаў еўра. Найперш гэта пралікі кіраўніцтва прадпрыемства, нізкія заробкі працаўнікоў і вялізная цякучка кадраў. Таксама была выяўленая нядобрасумленнасць падрадчыкаў, якія праводзілі мадэрнізацыю. Кіраўніку адной такой арганізацыі — "Энэргатэхпрам" (яно ўваходзіць у структуру дзяржаўнага "Белэнерга") — былі выстаўленыя прэтэнзіі. Яна займалася ўстаноўкай кацельнай на "Мастоўдрэве".
Як інфармуе "Ежедневник", крымінальную справу ў адносінах дырэктара "Энергатэхпрама" пачалі па матэрыялах Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй. Яму інкрымінуецца "злоўжыванне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі, здзейсненае службовай асобай, якая займае адказнае становішча". Дырэктару пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі.
Паводле матэрыялаў пракуратуры, падазраваны ў сакавіку-чэрвені 2013 года нанёс страты "Мастоўдрэву" ў памеры больш за 325 мільёнаў рублёў (каля 35 тысяч долараў).
Фота — Fotolia