У Беларусі студэнцкая стыпендыя ў 15 разоў меншая, чым у Чэхіі

Але беларусы ехаць у Чэхію не спяшаюцца, нягледзячы на 700 еўра штомесяц, бясплатны інтэрнат і дыплом еўрапейскага стандарту. Сёння ў Чэхіі працуе 26 дзяржаўных і 46 прыватных ВНУ, якія прапануюць адукацыю больш чым па тысячы спецыяльнасцях. У 1999 годзе чэшскія ўлады прынялі закон пра бясплатнае навучанне для замежных студэнтаў, якія паступілі ў дзяржаўныя ВНУ і вучацца на чэшскай мове. У выніку цяпер з 210 тысяч навучэнцаў больш за 7,5 тысяч замежнікі.

Праўда, паводле словаў аднаго з выкладчыкаў, доктара філасофіі, які пажадаў застацца неназваным, беларусы ехаць у Чэхію не спяшаюцца, нягледзячы на шматлікія праграмы, стыпендыі ды нескладаныя правілы паступлення:

Выкладчык: “У Карлавым універсітэце даецца нядрэнная стыпендыя – першы год 400 еўра за месяц, потым можна 600-700 атрымаць, калі дапамагаць прафесару, весці практычныя заняткі. А адбіраюць такім чынам: дасылаеш свае дакументы і на аснове гэтага выносіцца рашэнне. Пасля гэтага запрашаюць на летні семестр, даюць стыпендыю ў 500 еўра плюс бясплатны інтэрнат. Абітурыенты наведваюць курсы і здаюць іспыты, па выніках якіх яны застаюцца вучыцца”.

Для параўнання, беларускія студэнты ў Мінску ў сярэднім атрымліваюць толькі каля 40-50 еўра стыпендыі. А гэта амаль у 15 разоў менш, чым у Чэхіі!
 
Да таго ж у Чэхіі можна выбраць сістэму адукацыі, якая табе больш падабаецца. Да прыкладу, прыватныя ВНУ ў асноўным карыстаюцца амерыканскай і англійскай сістэмамі, адпаведна апроч еўрапейскага яны выдаюць і амерыканскі дыплом. Але навучанне ў такіх ВНУ адбываецца на англійскай мове. Еўрарадыё пабывала на лекцыі прыватнага ўніверсітэта Prague College з брытанскай сістэмай адукацыі. Выкладчык камп’ютарнага дызайну Джордж Ален распавёў, што ў іх ВНУ нават няма звычайных іспытаў:

Джордж Ален: “Яны паказваюць свае веды на практычных занятках, мы даем ім заданні, і яны працуюць па іх цягам семестру. Яны самі рыхтуюць расклад сваёй працы, з якім знаёмяць мяне, і я проста правяраю, каб яны яго прытрымліваліся. Што ж тычыцца тэорыі, то мне не патрэбныя тэрміны і іх значэнні, мне трэба, каб яны ўмелі карыстацца ведамі на практыцы”.

Зразумела, што самі студэнты цалкам задаволеныя такім падыходам. Студэнтка Паліна пачала вышэйшую адукацыю ў Кішынёве, пасля вучылася ў Нью-Ёркскім універсітэце, а цяпер у Чэхіі. Яна паспрабавала параўнаць адукацыю ў постсавецкіх краінах і ў Еўропе:

Паліна: “Вышэйшая адукацыя тут безумоўна лепшая. То бок, калі мы тут навучаемся платна і нешта робім, то там не патрэбныя ніякія намаганні. Хабар, халява ? ўсё гэта я прайшла ў постсавецкім універсітэце, у якім была тры гады. Стаўленне выкладчыкаў да студэнтаў не тое, вельмі нізкі ўзровень адукацыі. У Чэхіі больш матывуюць вучняў, чым там”.

Што ж датычыцца дзяржаўных ВНУ, то апроч іх бясплатнасці, ёсць і іншыя адрозненні - найперш у падыходзе да адукацыі. Як адзначыў, доктар філасофіі, Чэхія перайшла на балонскую сістэму адукацыі, якая будуецца на крэдытах:

Выкладчык: “Каб атрымаць бакалаўрскую ступень, трэба атрымаць пэўную колькасць крэдытаў. За кожны прадмет ставіцца адзнака, прычым не важна атрымаў ты пяцёрку, тройку, ці, як цяпер, дзясятку. Здадзены іспыт – значыць крэдыт. І вось вы набралі 180 крэдытаў і можаце атрымаць бакалаўрскую ступень. Трэба толькі здаць дзяржіспыт і абараніць бакалаўрскую працу”.

На папулярнасць навучання ў чэшскіх універсітэтах уплывае яшчэ і геаграфічнае знаходжанне краіны. Таму колькасць замежных студэнтаў, якія тут навучаюцца, пастаянна расце. Але едуць туды не толькі вучыцца, але і працаваць,  і жыць. Напрклад, у Празе пастаянна жыве каля 32 тысяч амерыканцаў.

У Чэхіі будзе ўсё больш замежных студэнтаў, якія атрымаюць дыплом і будуць у выніку прадстаўляць Чэхію за мяжой. Менавіта праз замежных студэнтаў у бліжэйшы час для Чэхіі адкрыюцца новыя перспектывы. І калі ў вас ёсць жаданне быць сярод тых студэнтаў, то не трэба баяцца. Паступіць у тамтэйшыя ВНУ не так складана, а дыплом еўрапейскага стандарту адчыняе перад вамі шматлікія дзверы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі