У Беларусі ствараецца Камітэт выратавання прадпрымальніцтва

У Беларусі ствараецца Камітэт выратавання прадпрымальніцтва

У Беларусі ствараецца Камітэт выратавання прадпрымальніцтва. Яго ініцыяваў аргкамітэт партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя", які хоча дапамагчы прадпрымальніцкаму руху.

Як інфармуе БелаПАН, 11 лютага ў Мінску прайшоў сход ініцыятыўнай групы камітэта, у які ўвайшлі 12 чалавек. Гэта індывідуальныя прадпрымальнікі з Гродна і Гродзенскага раёна, Гомеля, Мінска і Мінскага раёна, Слоніма, Кобрына, а таксама актывісты БХД. "Людзі, якія сабраліся, не вераць уладзе, што яна здолее вырашыць праблемы прадпрымальнікаў", — адзначыў Павел Севярынец, сустаршыня аргкамітэта "Беларускай хрысціянскай дэмакратыі".

Паводле яго слоў, ініцыятыўная група мае намер выступіць са зваротам да ўладаў 15 лютага.

Як паведамляла Еўрарадыё, 1 студзеня 2016 года ў Беларусі пачаў дзейнічаць указ кіраўніка дзяржавы № 222 "Аб рэгуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці і рэалізацыі тавараў індывідуальнымі прадпрымальнікамі і іншымі фізічнымі асобамі". Згодна з гэтым дакументам ІП павінны рэалізоўваць прадукцыю легпрама, увезеную з краін Мытнага саюза, толькі з суправаджальнымі дакументамі. Прадпрымальнікі сцвярджаюць, што не могуць выканаць патрабаванні ўказа, бо большасць расійскіх пастаўшчыкоў, у якіх яны закупляюць тавар, адмаўляюцца выдаваць дакументы аб паходжанні прадукцыі альбо даюць фіктыўныя даведкі.

Днямі Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў прыняць меры "для працы ў роўных умовах ўсіх гандлёвых структур", не звяртаючы ўвагі на незадаволенасць ІП. У Мінску ў рамках створанай Працоўнай групы праходзяць сустрэчы прадстаўнікоў міністэрстваў і прадпрымальніцкіх аб'яднанняў. Наступную сустрэчу прызначылі на 16 лютага.

Шумчанка: Чыноўнікі "гнуць сваю лінію" і не ідуць на кампраміс

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі