У Беларусі з'явяцца "чорныя спісы выбаршчыкаў"?

Памыліліся або прагаварыліся? / sb.by
Памыліліся або прагаварыліся? / sb.by

У навіне па выніках нарады ў Цэнтрвыбаркаме, якая прайшла ў канцы мінулага тыдня, газета Адміністрацыі прэзідэнта "СБ. Беларусь сегодня" згадала "чорныя спісы выбаршчыкаў". Гэта што ж, можна 9 жніўня прыйсці на выбарчы ўчастак і даведацца, што ты ў блэк-лісце? Як гэта працуе? Буяніў на выбарчым участку на мінулых выбарах, значыць, на наступных прагаласаваць не атрымаецца?

"У назіральнікаў пры датэрміновым галасаванні і ў дзень выбараў, як і раней, застанецца доступ да інфармацыі пра колькасць выбаршчыкаў, чорныя спісы выбаршчыкаў, пра колькасць выбаршчыкаў, якія прынялі ўдзел у галасаванні. Сёлета назіральнікі будуць абавязаныя выконваць рэкамендацыі Міністэрства аховы здароўя Беларусі", — было сказана ў публікацыі.

Праз некаторы час "чорныя спісы выбаршчыкаў" з тэксту зніклі. На іх месцы сімвалічным доказам прыбірання застаўся двайны прабел:

В Беларуси появятся “чёрные списки избирателей”?

Памыліліся або прагаварыліся пра тое, пра што гаварыць пакуль што было не варта? Журналіст, які працаваў над навіной, наўрад ці мог нешта выдумаць ад сябе — інфармацыя ж наўпрост з пасяджэння. Еўрарадыё вырашыла разабрацца ў пытанні. Аказваецца, старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына нічога пра чорныя спісы выбаршчыкаў не чула.

— Я не магу каментаваць тое, што напісала "Советская Белоруссия". У нашай пастанове напісана, што назіральнікі маюць права атрымліваць інфармацыю пра колькасць выбаршчыкаў, уключаных у спісы выбаршчыкаў, і пра колькасць выбаршчыкаў, якія прынялі ўдзел у галасаванні. Якія чорныя спісы і што гэта такое? — здзіўляецца старшыня ЦВК.

Паводле Выбарчага кодэкса, у Беларусі ў выбарах не маюць права ўдзельнічаць толькі тры катэгорыі грамадзян. Гэта грамадзяне, прызнаныя судом недзеяздольнымі, асобы, у дачыненні да якіх абрана мера стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай, і асобы, якія змяшчаюцца па прысудзе суда ў месцах пазбаўлення волі. Больш ніякіх чорных спісаў у выбарчых камісій быць не павінна.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі