У Брэсце адбыўся флэшмоб "Бамбардзіроўка пражай" (фота)
Сусветны дзень вязання на публіцы ўпершыню прайшоў у горадзе над Бугам.
Флэшмоб "Бамбардзіроўка пражай" прайшоў у Брэсце 13 чэрвеня на бульвары Шаўчэнкі каля гарадской бібліятэкі імя Пушкіна. Некалькі дзясяткаў майстроў прадэманстравалі свае вязаныя працы. Дрэвы на алеі былі ўпрыгожаныя рознакаляровай пражай.
З ініцыятывай флэшмобу выступіла Брэсцкае гарадское моладзевае грамадскае аб'яднанне "Спадчына". Пра мерапрыемства Еўрарадыё распавяла валанцёр аб'яднання Людміла Агрэніч:
"Сёння мы аб'ядналі два мерапрыемствы ў адно: Сусветны дзень вязання на публіцы і Yarn bombing. Тое, што можна сёння пабачыць на дрэвах, — гэта і ёсць "ярнбомбінг". У перакладзе з англійскай гэта азначае "выбух пражы". Таксама сёння адзначаецца Сусветны дзень вязання на публіцы. Яго калісьці ўжо адзначалі ў Мінску, але менавіта ярнбомбінг — здаецца, у Беларусі ўпершыню."
Найбольшую цікавасць у прысутных выклікалі вязаныя працы 88-гадовай бабулі Вольгі з Лунінечыны. Пра акцыю яна даведалася ад дачкі, да якой прыехала ў Брэст у госці. Па прызнанні самой жанчыны, вязаннем яна займаецца колькі сябе памятае — з 6 гадоў. У мерапрыемстве яна вырашыла прыняць удзел, каб паказаць людям тое, чым жыве ўсё жыццё.
Фота Еўрарадыё