У Брэсце часова зачынілі рэстаран праз пагрозу здароўю наведвальнікаў
Прадукты з зачыненага рэстарана
Адзін з брэсцкіх рэстаранаў зачынілі пасля таго, як праверка з Дзяржкантролю і санстанцыі выявіла там грубыя парушэнні, паведамляе прэс-служба КДК.
Адзначаецца, што гэтыя парушэнні стваралі пагрозу здароўю наведвальнікаў. Напрыклад, стравы гатавалі з прадуктаў, якія захоўваліся ў падраных упакоўках, без маркіроўкі і дакументаў, якія пацвярджаюць іх якасць і бяспеку. Кухары выкарыстоўвалі прадукты, у якіх скончыўся тэрмін прыдатнасці і якія страцілі таварны выгляд.
"У нізкатэмпературнай маразільнай камеры (-18°С) на харчовай прадукцыі ўтварыліся гурбы снегавога "футра" і лёду, аналагічная сітуацыя на сценах, столі і дзвярах маразільнай камеры", — пералічваюць у КДК.
Таксама кантралёры заяўляюць, што супрацоўнікі рэстарана не прытрымліваліся правільнай тэхналогіі гатавання некаторых страў. Былі і іншыя парушэнні санітарных нормаў і правілаў.
У выніку ў рэстаране давялося ўтылізаваць больш за 90 кілаграмаў харчовай прадукцыі.
Установе дазволяць аднавіць працу пасля таго, як там выправяць усе парушэнні і навядуць парадак.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.