У Брэсце пакуль толькі пяцёра 5-класнікаў будуць вучыцца па-беларуску

У Брэсце з’явіцца беларускамоўны пяты клас. Заняткі на роднай мове будуць праходзіць у сярэдняй школе №29, якая знаходзіцца ў Маскоўскім раёне горада.

Адзіны ў горадзе беларускамоўны клас, які складаўся з пяці вучняў, знаходзіўся ў пачатковай школе №34. Сфармаваны ён быў у 2011 годзе намаганнямі неабыякавых да роднай мовы бацькоў. Лёс класа да нядаўняга часу быў незразумелы, існавала імавернасць, што яго ўвогуле расфарміруюць. Сёлета дзеці скончылі пачатковую школу, а з 5 класа пачынаюцца профільныя заняткі. Бацькам, якія пажадалі працягваць навучанне сваіх дзяцей па-беларуску, давялося зноў шукаць навучальную ўстанову.

Распавядае Еўрарадыё Маргарыта, маці 10-гадовага Францішка Вялічкіна:

“Аддзел адукацыі прапанаваў нам 23-ю ці 24-ю школу. Але мы з мужам вырашылі абысці шэраг школаў, каб вызначыць, куды лепш накіраваць дзіця. У працэсе азнаямлення мы абышлі 7 школ, і нам спадабалася 29-я, бо там набор ідзе з 5-га класа, яна маленькая — усяго 600 вучняў (у 23-й і 24-й — больш за тысячу)”.

Апроч гэтага сярэдняя школа №29 вядомая высокім прафесіяналізмам настаўнікаў. Яна таксама прапаноўвае паглыбленае вывучэнне матэматыкі, англійскай мовы і эканомікі.

На жаль, пакуль што навучаць сваіх дзяцей па-беларуску выказала жаданне няшмат сямей. На дадзены момант у адпаведны клас пададзена 5 заяваў. Чатыры з іх належаць бацькам, чыя дзеці навучаліся ў пачатковай школе №34.

Па словах Маргарыты Вялічкінай, працэдура фармавання класа за 4 гады амаль не змянілася. Шукаць патэнцыйных аднакласнікаў для свайго сына давялося самастойна праз аб’явы і сацыяльныя сеткі.  

“Вядома, павінная быць падтрымка “зверху”. Высокапастаўленыя чыноўнікі, мы бачым, ідуць насустрач, але часам цяжкасці бываюць і з боку настаўнікаў. Некаторыя баяцца беларускай  мовы, баяцца пераходзіць. Магчыма, яны не хочуць больш працаваць, бо, вядома, гэта большая нагрузка для настаўніка: трэба перапісаць канспекты, успомніць увогуле мову… Але ж гэта не кітайская мова — нічога складанага, калі штодня рыхтавацца да заняткаў як трэба”.

Аднак, па прызнанні Маргарыты Вялічкінай, з цалкам супрацьлеглай сітуацыяй яны сутыкнуліся менавіта ў 29-й школе. Адміністрацыя і настаўнікі вельмі пазітыўна паставіліся да ідэі з’яўлення ў іх беларускамоўнага класа. Гэта таксама паўплывала на канчатковае рашэнне бацькоў з выбарам школы.

Маргарыта Вялічкіна заўважае, што ўвогуле сёлета ўмовы для стварэння адпаведнага класа значна лепшыя за тыя, што былі 4 гады таму. Напрыклад, раней у продажы немагчыма было адшукаць беларускамоўны дзённік. Цяжкасці ўзнікалі і з наяўнасцю некаторых падручнікаў і іншых патрэбных для навучання матэрыялаў.

“Падручнікі на беларускай мове міністэрства (адукацыі — Еўрарадыё) выпускае. Праблемы ў іх няма, як і ў матэрыялах для настаўнікаў. Іх замаўляеш — і яны прыходзяць. Дэфіцыту такога няма. Школа падрыхтаваная, класны кіраўнік ужо ёсць, матэрыяльная база і падручнікі таксама”.

Рубрыка “Ты можаш” спецыяльна для праграмы Кардыяграма

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі