У Брэсце плануюць збіраць падатак з аўтааматараў
Такая прапанова была агучана на 26-й сесіі гарадскога Савета дэпутатаў.
Пра стан дарог у горадзе дэпутатам распавёў намстаршыні Брэсцкага гарвыканкама Мікалай Бясько. Працягласць дарог у абласным цэнтры складае 584 км. Тэрмін прыдатнасці пакрыцця ў залежнасці ад нагрузкі вагаецца ў межах 9-18 гадоў, але некаторыя ўчасткі эксплуатуюцца па 30-40 гадоў, і практычна цалкам зношаныя.
Каб паправіць справу кардынальным чынам, па прыблізных падліках, у рамонт і будаўніцтва дарог у бліжэйшыя пяць гадоў неабходна штогод укладваць не менш за 60 мільярдаў рублёў. А ў 2012 годзе на рамонт брэсцкіх дарог было выдаткавана ўсяго 2,7 мільярда рублёў.
Адзін з прапанаваных дэпутатамі захадаў — увядзенне падатку на ўтрыманне і рамонт дарожнай сеткі. Браць яго прапануюць з ўладальнікаў транспартных сродкаў, прычым як з юрыдычных, так і з фізічных асобаў, піша “Вечерний Брест”.