У Бярозе дазволілі пікет, прымеркаваны да ўгодкаў БНР
У Бярозе (Брэсцкая вобласць) дазволілі пікет, прымеркаваны да ўгодкаў БНР. Гадзіннае пікетаванне з колькасцю ўдзельнікаў да 10 чалавек намечана на 25 сакавіка. Мэта акцыі — прыцягнуць увагу да таго, што 98 гадоў таму ўпершыню ў найноўшай гісторыі была абвешчана незалежнасць беларускай дзяржавы, а таксама выказаць пратэст супраць указа № 222 і дэкрэта № 3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства", інфармуе БелаПАН.
Арганізатары спадзяваліся правесці акцыю каля ўваходу на Цэнтральны гарадскі стадыён, але чыноўнікі далі дазвол сабрацца на стадыёне ў мікрараёне Паўночны гарадок. Для таго, каб пікет адбыўся, актывісты павінны яшчэ дамовіцца з міліцыяй, медыкамі і камунальнікамі.