"У цэху знайшлі 5 шпрыцаў. Аддалі на аналіз — нарката": на БелАЗе творыцца жэсць

Работнікі БелАЗа, якія выказваюць незадаволенасць пасля жнівеньскіх падзей / TUT.by
Работнікі БелАЗа, якія выказваюць незадаволенасць пасля жнівеньскіх падзей / TUT.by

— У адным цэху знайшлі пяць шпрыцаў. Аддалі медыкам, узялі аналіз — нарката. Са ста з лішнім чалавек, якія стаяць у нас на ўліку, 35 чалавек — гэта тыя, якія ўжывалі наркотыкі. Астатнія — бытавы гвалт, ужыванне алкаголю пры кіраванні транспартным сродкам і проста схільныя, — расказвае Еўрарадыё намеснік дырэктара БелАЗа па ідэалогіі Станіслаў Якубовіч.

Якубовіч узначальвае на заводзе камісію па прафілактыцы п'янства і алкагалізму. 22 снежня ён падаў гендырэктару БелАЗа Сяргею Нікіфаровічу службовую запіску аб праблемах з дысцыплінай і маральна-псіхалагічным кліматам.

“В цеху нашли 5 шприцев. Отдали на анализ — наркота”: на БелАЗе творится жесть
Тая самая запіска / Еўрарадыё

— 146 чалавек з 28 падраздзяленняў патрабуюць падвышанай і асаблівай увагі, — паведамляецца ў дакуменце. З чым гэта звязана?

— Па палітычных матывах ніхто нікога не трэціруе. Мы за перакананні людзей не чапаем і не збіраемся чапаць. Галоўнае — работнік павінен якасны самазвал рабіць, — расказвае Еўрарадыё Станіслаў Якубовіч. Ідэолаг сцвярджае, што згаданыя 146 чалавек — не бунтары-забастоўшчыкі, а людзі, схільныя да алкагалізму, наркаманіі і бытавога гвалту. Уважліва з імі трэба сябе паводзіць менавіта таму.

— Сярод старшыняў цэхавых камітэтаў ёсць два выпадкі: адзін быў затрыманы ў стане алкагольнага ап'янення падчас кіравання аўтамабілем, другі яшчэ горш — наркотыкі. І яшчэ адзін выпадак: на гэтым тыдні са Следчага камітэта прыйшло, што адзін работнік ледзь не распаўсюднік [наркатычных рэчываў. — Еўрарадыё]. А адзін з работнікаў збіў жонку з дзіцем — гэта што, нармальна?

На сённяшні дзень пастаўлена задача: кіраўнік, які не здольны сам паказаць прыклад, — ён не павінен быць кіраўніком, — працягвае ідэолаг.

“В цеху нашли 5 шприцев. Отдали на анализ — наркота”: на БелАЗе творится жесть
Ідэолаг БелАЗа Станіслаў Якубовіч / Белсат

Забастоўшчыкаў, па словах Станіслава Якубовіча, на прадпрыемстве няма і па палітычных матывах ніхто не звальняўся.

— Такога, каб у заяве было напісана пра тое, што чалавек звальняецца праз тое, што не згодны з палітыкай, кадравікі пра гэта не казалі. Былі выпадкі выхаду з прафсаюза.

У снежні Еўрарадыё размаўляла з адным з работнікаў БелАЗа. І вось што ён паведаміў наконт забастовак і звальненняў на прадпрыемстве:

— Баставалі тры чалавекі, і іх адразу звольнілі. Дваім мы збіралі матэрыяльную дапамогу, а больш не было чуваць, каб хтосьці баставаў. Абстаноўка такая: у гэтым месяцы панізілі заробкі некаторым рабочым. Баставаць па-італьянску таксама не атрымліваецца: працы мінімум, дзесьці панізіць прадукцыйнасць немагчыма. Вельмі шмат рабочых перавялі ў іншыя гарады. Зацвердзілі загад на заводзе здаваць тых, хто не працуе, і за гэта прэміі атрымліваць. Наконт прафкама, стачкама нічога пацвердзіць не магу: шыфруюцца, але паведамленні пра стварэнне былі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі