У цэнтры Мінска моладзь корміць бяздомных (фота+відэа)

Маладзёны самі гатуюць ежу і раздаюць яе малазабяспечаным. Міліцыянты патрабуюць у валанцёраў санітарныя кніжкі ды спасылаюцца на “скаргі грамадзянаў”.
Ініцыятыва “Food not Bombs” (“Ежа замест бомбаў”) па ўсім свеце аб'ядноўвае людзей, якія за ўласныя грошы гатуюць ежу і раздаюць яе малазабяспечаным ды жабракам. Актывісты FNB не вераць абяцанкам дзяржавы. Сёння ў свеце каля мільярду чалавек не маюць што есці, а кожную секунду ад голаду памірае дзіцё. Нават у нашай краіне, дзе гэтак часта можна пачуць пра афіцыйную сацыяльную палітыку, выдаткі на сацыяльную дапамогу разам з пенсіямі, дадатковымі выплатамі, адукацыяй, аховай здароўя складаюць каля 30 адсоткаў. Для параўнання: прыкладна столькі ж з нашага бюджэту цягнуць выдаткі на дзяржапарат, міліцыю, спецслужбы ды войска.

У Беларусі ініцыятыва “Food not Bombs” з’явілася больш за 5 гадоў таму. Сёння ў Мінску існуе чатыры кропкі, дзе актывісты FNB раздаюць ежу. Адна з іх — Міхайлаўскі сквер, што недалёка ад чыгуначнага вакзалу. Туды мы і накіруемся сёння.





Вецер. Пахмурна. Прахалодна. Яшчэ на падыходзе ў сквер заўважаю купку моладзі. Побач — міліцыянт ды чалавек у цывільным. На ўсіх уваходах у сквер таксама дзяжураць людзі ў форме. Падыходжу бліжэй. Аказваецца, што міліцыянт са сваім калегам у цывільным патрабуюць, каб маладзёны раздавалі ежу не ў скверы, а ў падворках ды закутках дамоў. Моладзь адмаўляецца. Крыху ўбаку чакаюць развязкі сталыя людзі, якія, відавочна, прышлі пад’есці. На шчасце, пабачыўшы журналісцкае пасведчанне, дыктафон і фотаапарат, міліцыянт ўмомант лагаднее.

Міліцыянты:
“Мы прапануем вам перамясціцца ў падворкі. Там бы вы нікому не перашкаджалі — і ўсё”.

Моладзь: “Давайце спытаем у грамадзянаў, перашкаджаем мы ім ці не. Аніводны чалавек, акрамя вас, не кажа, што тут насмечана. Таму што мы ўвесь час прыбіраем, нават калі разліецца. І ўвогуле, у сувязі з чым мы павінны пайсці ў двары?”.

Міліцыянты: “Таму што людзі скардзяцца, што тут пасля вас застаецца смецце!”

Моладзь: “Асабіста нам аніводны чалавек не скардзіўся. Ну, добра, а калі мы будзем прыносіць свае пакеты для смецця і збіраць яго? І тут прыгожа — тут нам падабаецца! Рэч у тым, што чалавек будзе ісці — вось ён галодны — і не будзе ведаць, што тут такое адбываецца. Убачыць, што ежу раздаюць — падышоў і ўзяў. А ў падворках людзі не ходзяць…”

Міліцыянты: “Тады папярэджвайце, каб пасля вас смецце не пакідалі”.

Моладзь: “Дамовіліся”.





Міліцыянт і чалавек у цывільным сыходзяць у іншы канец скверу, адтуль пачынаюць здымаць усё на відэа. Пасты на ўваходах таксама знікаюць. Хлопцы і дзяўчаты ставяць на парапет бакі з гарачай кашай, дастаюць іншыя прадукты і посуд. Сталыя людзі ўжо сталі ў чаргу. Усе папярэджаныя: есці старацца акуратна, смецце не пакідаць, збіраць у пакеты. Настрой ва ўсіх прысутных значна палепшыўся: усмешкі, жарты.



Мая суразмоўца — жанчына гадоў за 50. Прысела побач з атрыманай талеркай ежы. Інвалід дзяцінства, малазабяспечаная, жыве адна, сям’і няма.

Жанчына: “За кватэру плачу, за святло плачу, за тэлефон… Рамонт абутку які дарагі! Не хапае на жыллё — і ўсё! 275 тысяч рублёў — як можна пражыць?”

Еўрарадыё: “А сюды даўно прыходзіце?”

Жанчына: “Даўно, ужо больш за год”.

Еўрарадыё: “І моладзь заўсёды дапамагае?”

Жанчына: “Так, заўсёды. І іх усё больш і больш. І ўлётачкі гэтыя: “Ежа замест бомбаў”. І вось збіраюць, хто спачувае нам. А колькі яшчэ бяздомных!”

Еўрарадыё: “А шмат людзей увогуле сюды прыходзіць — тых, каму патрэбная дапамога?”

Жанчына: “Шмат. І з кожным разам усё больш і больш іх. І з турмы каторыя прышлі, няма дзе жыць, альбо папрапілі жыллё — тут усім-усім спачуваюць!”

Еўрарадыё: “А вось міліцыянты дзяжураць, не хацелі спачатку пускаць…”

Жанчына: “Божа, я не магу! Навошта яны ганяюць гэтых, хто нам намагаецца дапамагчы?! Я не разумею! Гэтыя маладыя што, скралі ды сюды прынеслі, каб зарабіць сабе ў кішэню? Яны ж наадварот — усё з уласнай кішэні робяць! Стараюцца дапамагчы. А чаму гэтыя міліцыянты разганяюць іх? Ніколі спакойна тут не бывае: “Вунь туды ідзіце, там вашая тэрыторыя — а на нашай каб вас не было!”. Ну, хтосьці недзе гаварыў, што жабракоў ды галодных у Беларусі няма — дык можа таму?”



Размаўляю з адным з актывістаў ініцыятывы “Ежа замест бомбаў”. Хлопец згадвае, што яшчэ да пачатку акцыі адзін з міліцыянтаў заявіў ім: маўляў, сёння свята для бамжоў не будзе.

Актывіст: “Калі нехта падыходзіць і просіць паесці — мы можам даць нават міліцыянтам, якія нас тут спрабавалі разагнаць. Ім не падабаецца, напэўна, што тут людзі, якія сюды прыходзяць паесці, не вельмі добра выглядаюць, як на думку звычайнага абывацеля. Ну, і на іх тэрыторыі адбываецца нешта такое, што яны не могуць кантраляваць. Мы вырашылі, што хочам гэта афішаваць, каб выклікаць грамадскі рэзананс. Ежу — працуем, купляем за ўласныя грошы, стыпендыі. Натуральна, усё чыстае: бакі вельмі дбайна мыюцца, ежу купляем на рынках, посуд аднаразовы. Вопратку альбо збіраем па нейкіх уласных каморах, альбо ў кагосьці ёсць выйсце на нейкія дабрачынныя арганізацыі — і мы ўсё потым раздаем”.

Дарэчы, далучыцца да ініцыятывы “Ежа замест бомбаў” можа кожны ахвотнік. Да прыкладу, у сталічным Міхайлаўскім скверы акцыі адбываюцца штосуботу а 13.20. Больш інфармацыі — на сайце: http://fnbminsk.noblogs.org/.



Фота і відэа: Валера Руселік

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі