У цэнтры Мінску паставілі знак у гонар братоў Луцкевічаў — заснавальнікаў БНР
У Мінску ўсталявалі памятны знак у гонар беларускіх культурных і дзяржаўных дзеячаў братоў Івана і Антона Луцкевічаў. Месца для памятнага знака абранае ў цэнтры Мінска — у парку Янкі Купалы, піша tut.by.
Упершыню заяўка на ўсталяванне такога памятнага знаку паступіла ў Мінгарвыканкам яшчэ ў 2007 годзе. Сёлета заяўка была паўторана. Знак быў выраблены Мінскім гарадскім скульптурным камбінатам, а ўсталявала яго мясцовая ўлада.
Памятны знак размешчаны на месцы, дзе быў дом братоў Луцкевічаў. Неўзабаве плануецца афіцыйнае адкрыццё знака.
Іван і Антон Луцкевічы стаялі каля вытокаў беларускага нацыянальнага руху на пачатку ХХ стагоддзя. Яны былі ў ліку заснавальнікаў газеты "Наша Ніва" і актыўна спрычыніліся да таго, каб 25 сакавіка 1918 года была абвешчаная незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі.