У чацвер у Беларусі будзе вільготнае надвор’е з моцным ветрам
У бліжэйшыя суткі, 4 лютага, у Беларусі прагназуецца хмарнае з праясненнямі надвор’е. Месцамі чакаецца моцны вецер з парывамі да 15-20 метраў за секунду. Напрамак ветру — паўднёва-заходні.
Уначы ў асобных раёнах, а ўдзень на большай частцы тэрыторыі краіны будуць кароткачасовыя ападкі ў выглядзе мокрага снегу і дажджу. Месцамі ўтворыцца слабы галалёд, на асобных участках дарог галалёдзіца.
Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 2 да плюс 3 градусаў. Удзень яна падымецца да 5 градусаў цяпла, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.