У Екацярынбургу невядомыя напалі на аддзяленне беларускай амбасады
У расійскім Екацярынбургу невядомыя разбілі шыбу ў мясцовым аддзяленні амбасады Беларусі, піша Ura.Ru. У Міністэрстве замежных спраў нашай краіны журналистам партала TUT.by гэтыя звесткі пацвердзілі.
Беларускае прадстаўніцтва размяшчаецца ў самым цэнтры горада на праспекце Леніна. Напалі на яго ўначы 25 лістапада. Хуліганы разбілі акно і спалілі дзяржаўны сцяг Беларусі.
У каментары TUT.by афіцыйны прадстаўнік МЗС Беларусі Анатоль Глаз выказаўся лаканічна: "Пакуль можам толькі пацвердзіць факт хуліганскіх дзеянняў, у выніку якіх была пашкоджаная маёмасць аддзялення амбасады ў Екацярынбургу. Вядзецца разбіральніцтва, высвятляюцца ўсе абставіны, на месцы працуюць прадстаўнікі праваахоўных органаў расійскага боку".
Паліцыя Екацярынбурга пакуль каментароў не дае.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.