У Глыбокім украінскі сцяг назвалі бандэраўскім

Як распавёў гімназіст Данат Бука, тыдзень таму яго сястра прапанавала набыць і павязаць на заплечнікі жоўта-блакітныя стужкі. Так яны хацелі выказаць сваю салідарнасць з украінскім народам. Падлеткі насілі такія стужкі амаль тыдзень. Некаторыя з вучняў вырашылі падтрымаць гэту ідэю. Але дырэктар гімназіі Людміла Хверанец зрабіла Данату заўвагу, расказвае Данат:

“Дырэктар сустракае, вітаецца: “Добры дзень!” — праходзіць. Потым кажа: “Данат, стойце! Што гэта ў вас такое?”, — паказвае на стужачкі. Я кажу: а што, нельга насіць ці што? А яна — што ў нас тут ніякія не палітычныя аб’яднанні, гэта справы дарослых, калі яны так хочуць, то хай разбіраюцца — штосьці такое… Я кажу, пакажыце дакумент, дзе напісана, што мне нельга сінюю і жоўтую стужку насіць разам”.

Дырэктар нават паабяцала выклікаць Даната на размову, але не зрабіла гэтага.Сястра ж Даната, Алеся, якая вучыцца побач у школе №3, кажа, што на падобную гутарку патрапіла.

“Учора з раніцы я вырашыла заплесці ў косы стужкі, адну жоўтую, адну сінюю, і я прыйшла ў школу, была дзяжурная ў сталовай, было ўсё добра, у мяне пыталіся, казалі, якая прыгожая каса ў мяне, але ніхто не звяртаў на гэта ўвагі. Пад вечар прыйшоў дырэктар і сказаў: “Алеся, хадзем да мяне ў кабінет”.

Паводле слоў дзяўчыны, дырэктар паведаміў, што з павагай ставіцца да яе поглядаў, але ў школе публічна іх выказваць нельга. А вось школьны псіхолаг выказалася супраць украінцаў, працягвае Алеся Бука:

“Перад гэтым у нас быў факультатыў па псіхалогіі, і настаўніца завяла тэму пра Украіну. Яна казала, што там вельмі дрэнна, што Расія добрая, а ўкраінцы самі пачалі гэту вайну, і яны вінаватыя, што не аддаюць Крым, і яны забіваюць расійскіх людзей, не даюць ім размаўляць на рускай мове”.

У знак пратэсту Алеся з сяброўкамі вырашылі адмовіцца ад гэтага факультатыву.На гутарку з дырэктарам патрапіў сябар Даната. Дырэктар гімназіі нават выклікала яго бацьку, якому распавяла, што на яго сына кепска ўплывае аднакласнік. Такія нагаворы на сына абурылі маці Даната Юлю Бука:

“Мне ж ніхто не выставіў ніякіх прэтэнзій і не вінаваціць маіх дзяцей, што я іх дрэнна выхоўваю, але мне вельмі не спадабалася, калі сказалі, што ва ўсім гэтым вінаваты Данік. Я лічу, што ў дзяцей павінна быць сваё меркаванне, я не выхоўваю іх дрэнна. Але я памятаю сваё дзяцінства, калі нам казалі, што няма Бога і нельга хадзіць у царкву, а потым усе паперліся ў тую ж царкву, і сталі раптам веруючымі. Дык каму верыць?”

Сама ж дырэктар у размове з карэспандэнтам сцвердзіла, што ўкраінскі сцяг яна бандэраўскім не называла і не забараняе дзецям мець свой пункт гледжання, але яны не павінны дэманстраваць яго публічна.

Спецыяльна для праграмы Кардыяграма 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі