У Глыбокім рыхтуюць перайменаванне гарадскіх вуліц
21 лютага ў горадзе прайшоў круглы стол, прысвечаны Дню роднай мовы.
У суботу, 21 лютага, у Глыбокім прайшоў круглы стол, прысвечаны Дню роднай мовы. Яго правялі прадстаўнікі мясцовых грамадскіх арганізацый.
Мерапрыемства было прысвечана стану беларускай мовы ў сучасным беларускім грамадстве. Грамадскія актывісты плануюць выдаць некалькі кніг мясцовых аўтараў, што пішуць па-беларуску, запрасіць у Глыбокае беларускамоўных бардаў, правесці беларускамоўныя конкурсы.
Таксама прадстаўнікі грамадскасці вырашылі правесці збор подпісаў пад зваротам да мясцовых уладаў, каб на цэнтральных вуліцах Глыбокага было дазволена ўсталяваць шыльды, на якіх была б пазначана сучасная назва вуліцы, а побач — яе гістарычная назва. Гэта было б першым крокам у падрыхтоўцы перайменавання гарадскіх вуліц, якую рана ці позна давядзецца праводзіць, лічаць глыбоцкія актывісты.
У мерапрыемстве ўдзельнічалі мясцовыя сябры Беларускай асацыяцыі журналістаў, Таварыства беларускай мовы, паэты.
Унікальная паштоўка з выявай Глыбокага вярнулася ў горад праз сто гадоў