У Гомелі былога ідэолага насцярожыла слова “шляхта” (фота)
У выніку, для выставы “Шляхецкія сядзібы Гомельшчыны” давялося шукаць іншае памяшканне.
27 лютага ў Гомелі адбылося адкрыццё выставы “Шляхецкія сядзібы Гомельшчыны”. Праект, прысвечаны сядзібам і палацам XIX — пачатку XX стагоддзяў, паспеў нашумець недарэчным выпадкам: дырэктар Музея гісторыі горада Гомеля, у якім планавалася адкрыць выставу, адмовіла арганізатарам у памяшканні. Былую супрацоўніцу аддзела ідэалогіі насцярожыла слова “шляхта” ў дачыненні да прадстаўнікоў прывілеяванага саслоўя. Аднак за тыдзень да адкрыцця было знойдзена іншае памяшканне — гомельскі філіял Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Шклярава.
Над выставай працавалі гісторык Марыя Булавінская, архітэктар Сяргей Ляпін і мастачка Ірына Панкова. Менавіта Марыі належыць ідэя сістэматызаваць тыя звесткі, якія назапашваліся падчас вывучэння тэмы сядзібаў Гомельшчыны. Плён працы Ірыны Панковай — створаны ў выніку вандровак па вобласці акварэльны жывапіс, які адлюстроўвае будынкі, часам нават разам з іх былымі гаспадарамі.
Архітэктар Сяргей Ляпін паспрыяў стварэнню мапы Гомельшчыны з нанесенымі на яе графічнымі выявамі сядзібаў. Выгляд страчаных будынкаў даводзілася рэканструяваць паводле дакументальных звестак, успамінаў, малюнкаў, апісанняў даследчыкаў.
Фонды Гомельскага палацава-паркавага ансамбля, Хойніцкага краязнаўчага музея і прыватныя калекцыі пашырылі прадметны шэраг выставы дакументамі, сталовым фарфорам, фрагментамі архітэктурнага дэкору ды іншымі атрыбутамі шляхецкай культуры.
Сядзібы і палацы, якія давялося пакінуць у свой час гаспадарам, знішчаліся ў паслярэвалюцыйныя часы і працягваюць знішчацца сёння. Па словах арганізатараў, дадзеная выстава — спосаб прыцягнуць увагу да праблемы страты каштоўных будынкаў.
Адмысловым госцем на адкрыцці стала гомельскі бард Вальжына Цярэшчанка.