У Гомелі паказалі старажытныя кнігі, абрабаваныя бальшавікамі (фота)

20 лютага ў гомельскім філіяле Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Шклярава адкрылася выстава кніжных пераплётаў. Сярод выданняў, прадстаўленых на ёй, ёсць як рукапісныя кнігі, так і старадрукі. Датуюцца яны XVI-пачаткам XX стст., а вось пераплёты больш познія (XVIII-XX стст.). Гэта тлумачыцца тым, што дбайныя стараверы, каб захаваць кнігу, штораз рабілі новы пераплёт, як толькі стары станавіўся непрыдатным.

Сярод выданняў на выставе прадстаўленыя некалькі “Евангелляў”, адно з якіх надрукавана ў Вільні Пятром Мсціслаўцам, два “Псалтыры” і “Апостал”. “Евангеллі” і “Апосталы” раней аздабляліся найпрыгажэй — з серабрэннем, залачэннем і каштоўнымі камянямі. Аднак пасля рабаўніцкіх 1920-х гадоў гэтыя каштоўнасці не захаваліся: усё пайшло на дзяржаўныя патрэбы савецкай улады.

Але і пазнейшае “адзенне” для кнігі ў руках майстра-пераплётчыка станавілася сапраўдным шэдэўрам. Часам да вырабу пераплётаў далучаліся і іканапісцы. На выставе можна пабачыць не толькі чаканныя і літыя накладкі, але і пераплёт, упрыгожаны зялёным аксамітам, вышытым бісерам. Класічны ж варыянт пераплёта — дубовыя дошкі, абцягнутыя скурай з ціснёным арнаментам і счэпленыя засцёжкамі. На выставе прэзентавана і работа мясцовага веткаўскага майстра-пераплётчыка, якіх у XVIII стагоддзі тут было нямала.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі