У Гомелі ў чарзе да Ціханоўскай жанчына выступіла з палымянай прамовай
28 траўня ў Гомелі была вялізная чарга жадаючых паставіць подпіс за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты Святланы Ціханоўскай, жонкі відэаблогера Сяргея Ціханоўскага. Жанчына Вольга з гэтай чаргі ў стрыме Радыё Свабода выступіла з палымянай прамовай. Яна выказалася пра сітуацыю ў краіне, пра Аляксандра Лукашэнку і яго перспектывы.
Жахарка Гомеля: "Самае галоўнае — у гэтай краіне няма свабоды слова. А калі чалавек без свабоды, то гэта раб! А калі ён раб, то так і жыве. Таму сапраўды, беларусы, прачынайцеся!.. Так жыць "пад плінтусам" ужо проста надакучыла... Моладзь раз'язджаецца, хто ў гэтай краіне застанецца? Застануцца пенсіянеры, якіх не будзе каму карміць. Ён кажа: "Я вам даю пенсію". Ды не ён дае пенсію, а моладзь, якая працуе. Калі яна з'ездзе, што тут будзе рабіцца?!
Трэба нешта мяняць. І я лічу, што да чалавека, які 26 гадоў [ва ўладзе]... крэдыт даверу даўно вычарпаны. І ён павінен проста сказаць: "Я стаміўся, я сыходжу". Мы чакаем гэтых слоў! Аляксандр Рыгоравіч, калі ласка!.. Дайце дарогу маладым!
...У нас добры, працалюбівы, пісьменны народ. Колькі ў нас высокакваліфікаваных кадраў. І гэтыя ўсе кадры з'язджаюць, таму што жыць у краіне, дзе дыктатура, нармальны чалавек не будзе. Толькі свабодная краіна са свабоднымі людзьмі можа нешта развіваць і падымаць. Рабы ніколі нікому нічога не зробяць.
Ён неяк па тэлевізары сказаў, што вось за столькі гадоў не выпрацавалі нацыянальную ідэю. Я хачу сказаць: "Аляксандр Рыгоравіч, вы ніколі яе не выпрацуеце, з рабамі нацыянальную ідэю не выпрацоўваюць!". Толькі свабодныя людзі, якія бачаць мэту, кудысьці ідуць... Можна без ежы пасядзець тры дні, але без свабоды, без глытка паветра ты не пражывеш і пяці хвілін.
Але, дзякуй Богу, народ прачнуўся, прыйшоў і хоча штосьці мяняць... Нацыянальная ідэя — будаваць краіну для жыцця: для сябе, для сваіх дзяцей і навакольных. Калі ўсе будуць добра жыць, будуць радасныя, будуць хадзіць з усмешкамі на тварах... А так нам даводзіцца даказваць, што мы такія ж людзі. ІПэшнікі даказваюць, што яны не "вашывыя блохі", народ даказвае, што ён не "народзец". Улада адмежавалася. Чаму цяпер усе глядзяць Ціханоўскага? Таму што ён пайшоў у масы, пайшоў у людзі і ён адзіны чалавек, які запытаўся: "Народ, а што ж вы хочаце?". Хоць спытаў. І народ хоць рот змог адкрыць. Бо яго ніхто не чуе, улада жыве сама па сабе.
...Мы проста, як ціхія рабы, мы павінны працаваць, напаўняць бюджэт, а яны гэты бюджэт самі размяркоўваюць, куды хочуць... Спадзяемся, што гэта ўсё памяняецца".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.