У Гомельскай вобласці выявілі высокі ўзровень радыяцыі ў грыбах і мясе
Перавышэнне радыяцыі знаходзілі ў грыбах / ілюстрацыйнае фота pixabay.com
Грыбны сезон адбіўся на выніках працы санслужб Гомельскай вобласці, якія даследуюць прадукты на прадмет радыенуклідаў. Больш за 50 пробаў паказалі перавышэнне ўтрымання цэзія-137, піша "Гомельская праўда".
Усяго было зроблена амаль 1100 проб розных харчовых прадуктаў. "Высокі ўзровень выяўлены ў 52 пробах свежых і кансерваваных грыбоў, у 2 пробах сушаных грыбоў, а таксама ў пробе мяса дзікай казулі", піша выданне.
Перавышэння дапушчальных узроўняў радыяцыі зарэгістраваныя ў прадуктах у 13 раёнах вобласці. Пры нарматыве ў 370 Бк/кг узроўні цэзія-137 у прынесеных свежых і кансерваваных грыбах былі ад 404 Бк/кг (у Хойніцкім раёне) да 7252 Бк/кг (у Нараўлянскім).
У прадуктах з дзяржсектара перавышэння радыяцыі не выявілі. Правяралі санслужбы і ваду. У вадзе высокага ўзроўню радыенуклідаў таксама не знайшлі. Не было ў даследаваных прадуктах і перавышэнняў па стронцыю-90.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.