У Гродне ідзе "зачыстка" фанатаў хакейнага "Нёмана"
Фанацкі сектар "Нёмана" / ХК "Нёман"
У Гродне з 9 сакавіка ідуць затрыманні фанатаў хакейнага клуба "Нёман", піша MOST.
Па звестках журналістаў, затрымалі лідара руху Сяргея Емяльянава і яшчэ каля 10 актыўных заўзятараў. Прычым Емяльянава затрымалі, калі ён выходзіў з дому. Іншых — на працоўных месцах, вуліцы і хакейным матчы, калі "Нёман" праводзіў першую хатнюю гульню плэй-оф чэмпіянату Беларусі супраць наваполацкага "Хіміка".
"З 9 сакавіка ідзе поўная зачыстка па Гродне. Затрымалі вельмі многіх, кагосьці адпускалі, а хтосьці дагэтуль затрыманы. Ва ўсіх правяралі тэлефоны і нешта шукалі. Сярод вялікай групы затрыманых ёсць хакейныя фанаты "Нёмана". Гэта актыўныя фанаты, у тым ліку і жанчыны. Па нашай інфармацыі да гэтага часу застаюцца ў зняволенні каля дзясятка фанатаў "Нёман". Можа, і больш, няма дакладных лічбаў", — кажа прадстаўнік фанацкага руху.
У кастрычніку 2022-га фанаты хакейнага "Нёмана" спынілі байкот матчаў чэмпіянату Беларусі і вярнуліся на фанацкі сектар пасля двухгадовага перапынку. Байотк матчаў яны абвясцілі ў 2020 годзе пасля фальсіфікацыі выбараў і жорсткіх разгонаў пратэстаў, як і іншыя фанацкія аб'яднанні Беларусі.
Паводле інфармацыі MOST, вяртанне актыўнага фан-сектара было сумесным рашэннем фанатаў і кіраўніцтва "Нёмана". Пры гэтым адной з умоў фанатаў было тое, што міліцыя не будзе чапаць актыўны фан-сектар. Як бачна, дамова пратрымалася каля пяці месяцаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.