У Гродне за хабар затрымалі супрацоўніцу гарадской паліклінікі
Яе падазраюць у тым, што за грошы жанчына выдавала медыцынскія даведкі аб стане здароўя. Грошы знайшлі ў малітоўніку.
У Гродне па падазрэнні ў атрыманні хабару затрымалі загадчыцу аддзялення медыцынскіх аглядаў адной з гарадскіх паліклінік. Праваахоўнікам стала вядома, што за станоўчае вырашэнне пытання пра выдачу медыцынскіх даведак аб стане здароўя жанчына брала грошы. Па выніках аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў падазраваную затрымалі на месцы злачынства.
Як інфармуе прэс-служба міліцыі Гродзенскай вобласці, частку грошай аператыўнікі знайшлі ў малітоўніку, які ляжаў у сумцы падазраванай. Агулам за выдачу фіктыўнай даведкі жанчыне перадалі 300 000 рублёў. Пры гэтым чалавек не праходзіў якія-небудзь агляды.
Крымінальную справу распачалі па артыкуле "Хабар". Жанчыну пакінулі за кратамі. Следчыя высвятляюць іншыя эпізоды яе супрацьпраўнай дзейнасці.
Фота: Fotolia