У грыбах з Міншчыны перавышэнне па цэзіі-137 да 40%, з Гомельшчыны — да 45%

У грыбах з Міншчыны перавышэнне па цэзіі-137 да 40%, з Гомельшчыны — да 45%

Спецыялісты дзяржаўнай установы "Беллесахова" ў ліпені-жніўні правялі радыяцыйнае абследаванне проб грыбоў на ўтрыманне цэзію-137. Як паведамляецца на сайце ведамства, аналіз паказаў перавышэнне дапушчальных узроўняў утрымання цэзію ў грыбах з усіх абласцей Беларусі, акрамя Віцебшчыны. 

У Брэсцкім лесагаспадарчым аб'яднанні перавышэнне дапушчальнага ўзроўню ўтрымання цэзію-137 склала 19% ад правераных пробаў грыбоў; у Гомельскім — 45%; у Гродзенскім — 10%; у Мінскім — 40%; у Магілёўскім — 25%.

Паведамляецца, што да 37% ад усіх правераных за год свежых грыбоў маюць перавышэнне дапушчыльнага ўзроўню цэзію-137 — 370 Бк/кг (РДУ-99).

Высокія ўзроўні ўтрымання цэзію выяўленыя ў грыбах Чэрыкаўскага лясгасу Магілёўскай вобласці — 2148 Бк/кг у сыраежках (пры норме ў 370 Бк/кг), у Бярэзінскім лясгасе Мінскай вобласці — 3380 Бк/кг у сыраежках, у Лельчыцкім лясгасе Гомельскай вобласці — 6851 Бк/кг у белых грыбах, у Столінскім лясгасе Брэсцкай вобласці — 5200 Бк/кг у лісічках.

Разам з тым спецыялісты "Беллесаховы" адзначаюць, што ўтрыманне цэзію-137 у ягадах і грыбах на працягу апошніх пяці гадоў паступова змяншаецца. Аднак да 28% чарніц, правераных за год, маюць перавышэнне дапушчальнага ўзроўню па ўтрыманні цэзію. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі