Супрацоўнікі казіно "Шангры Ла" затрыманыя за арганізацыю сэкс-турызму
Міліцыянты затрымалі двух чалавек. Іх падазраюць у арганізацыі эскорт-паслуг VIP-кліентам.
У каментары Еўрарадыё кіраўнік прэс-службы МУС Канстанцін Шалькевіч заявіў, што супрацоўнікі падраздзялення на наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзмі МУС правялі спецаперацыю па спыненні злачыннай дзейнасці супрацоўнікаў казіно "Шангры Ла", а таксама іншых асобаў. Іх падазраюць ва ўцягванні ў занятак прастытуцыяй, выкарыстанні занятку прастытуцыяй, арганізацыі сэкс-турызму на тэрыторыі Беларусі.
Канстанцін Шалькевіч: "Мінімальная санкцыя пакарання па гэтых артыкулах 3 гады пазбаўлення свабоды, максімальная -- 10 гадоў пазбаўлення свабоды з канфіскацыяй маёмасці".
Паведамляецца, што цяпер следчыя вядуць збор рэчыўных доказаў у казіно. Затрыманыя — маладыя людзі 27 і 28 гадоў. Адзін з іх -- супрацоўнік казіно. На злачынцаў пачалі крымінальныя справы. Праваахоўнікі не выключаюць, што з часам падазраваных стане больш.
Міліцыянты кажуць, што збіралі інфармацыю пра злачынную дзейнасць з 2009 года — з моманту адкрыцця казіно. Паведамляецца пра факты неаднаразовага прадастаўлення заможным мужчынам, пераважна кліентам казіно "Шангры Ла", дзяўчын мадэльнай знешнасці для аказання платных інтымных паслуг.