У Кіеве заявілі, што актыўных дзеянняў у Сумскай вобласці "пакуль няма"
Сумшчына. Пасля расійскага абстрэлу, чэрвень 2024-га
У Кіеве заявілі, што актыўных дзеянняў у Сумскай вобласці "пакуль няма". Кіраўнік Цэнтра процідзеяння дэзінфармацыі Рады Нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Андрэй Каваленка сцвярджае, што расійскія вайскоўцы спрабавалі "прамацаць абарону" ў напрамку Рыжоўкі. Паводле яго даных, "актыўных дзеянняў" у памежжы няма, а "сілы абароны сітуацыю кантралююць, вораг атрымаў агнявое паражэнне".
Каваленка падкрэслівае, што нядаўнія падзеі ў Сумскай вобласці — "гэта не пачатак таго ж, што было на Харкаўшчыне". Пры гэтым "пагроза дзеянняў расіян у памежжы" Сумскай вобласці застаецца.
"Што тычыцца вёскі Рыжоўка, акупант паспрабаваў рэалізаваць там аперацыю прапагандысцкага характару, — пазней напісаў у Telegram украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі. — Па стане на раніцу расійскі сцяг у вёсцы знішчаны, прысутнасці акупанта няма".
Напярэдадні кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў сцвярджаў, што расійскія вайскоўцы захапілі Рыжоўку ў Сумскай вобласці Украіны на мяжы з Курскай вобласцю РФ. Але мясцовыя ўкраінскія ўлады гэта абверглі.
У траўні расійскія войскі пачалі наступ у Харкаўскай вобласці, спрабуючы стварыць, як сказаў Уладзімір Пуцін, "буферную зону". Аднак іх спынілі ўкраінскія вайскоўцы. Баі там працягваюцца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.