У кінафестывалю "Лістапад" новыя слоган і візуальнае рашэнне
25-ы кінафестываль "Лістапад" будзе прысвечаны Кіры Муратавай і пройдзе пад слоганам "Пазнаючы белы свет" — як і аднайменная карціна культавай расійскай рэжысёркі. Муратава некалькі разоў прыязджала на мінскі кінафорум, і нават у апошнія гады жыцця, адмовіўшыся ад паездак на многія фестывалі, рабіла выключэнне для "Лістапада".
"“Пазнаючы белы свет” з'яўляецца адным з тых фільмаў савецкай эпохі, якія не выходзяць з моды, а наадварот з кожным годам уздзейнічаюць ўсё мацней. Кіно Кіры Муратавай — гэта навацыя, актуальнасць і вечныя тэмы. Мы з вялікім трапятаннем ставімся да Кіры Георгіеўны і яе да нас увагі, — тлумачыць праграмны дырэктар фестывалю Ігар Сукманаў. — У той жа час, мы хочам запрасіць спазнаць белы свет у прамым сэнсе, таму што кіно — гэта не проста займальны аповед. Акунаючыся ў зусім розныя кантэксты, культуры, сюжэты мы даведаемся пра свет, а разам з тым спазнаем і саміх сябе".
Дэвіз і візуальнае рашэнне юбілейнага кінафестывалю ў выглядзе кіпы кінаафіш сімвалізуе калекцыю кіно, якую цягам 25 гадоў круцілі на форуме, а таксама паглыблены падыход на кінамастацтва, маўляў, каб дасягнуць ісціны трэба задзейнічаць бэкграўнд.
Сёлета "Лістапад" пройдзе з 2 па 9 лістапада. Кінапаказы адбудуцца ў кінатэатрах "Цэнтральны", "Мір", "Піянер", "Масква", "Беларусь", “Falcon Club буцік кіно” і Музеі гісторыі беларускага кіно.