У КНДР таксама гавораць пра бізнес: топ-бізнесмен пра "хімію" і перспектывы
Валерый Астрынскі / imaguru.by
Бізнесмен Валерый Астрынскі, асуджаны на 2,5 года "хатняй хіміі" за "нявыплату падаткаў" і пазбаўлены на 5 гадоў права весці прадпрымальніцкую дзейнасць, збіраецца заставацца ў Беларусі і далей развіваць тут стартап-экасістэму.
Валерый Астрынскі — сузаснавальнік аб'яднання венчурных інвестараў Angels BAND Belarus, уваходзіць у топ-200 самых уплывовых і паспяховых бізнесменаў Беларусі.
У гутарцы з Еўрарадыё бізнесмен расказаў, як выйшла, што яго асудзілі за здзелкі амаль дзесяцігадовай даўніны, што адбываецца са стартап-экасістэмай і чаму ўсе айцішнікі ўсё роўна не з'едуць.
Крымінальны артыкул за нармальную практыку
Крымінальная справа была заведзеная па артыкуле КК 243 (ухіленне ад выплаты падаткаў у буйным памеры) яшчэ ў студзені 2019 года, расказвае Валерый.
— У кантрольных органаў былі прэтэнзіі да работы маіх арганізацый у 2012–2013 гадах. Думаю, прысуд быў чыста эканамічны. Нейкіх намёкаў на палітычную ангажаванасць я ні ад следчага, ні ад пракуратуры не чуў.
Суразмоўнік адзначае, што "крыміналку" атрымаў за тое, што ў той час ніхто не лічыў парушэннем. Рэч у тым, што ў 2012–2013 гадах яшчэ дзейнічала абмежаванне Нацбанка на перадаплату замежным арганізацыям. Каб яе ўнесці, патрабаваўся спецыяльны дазвол Нацбанка.
На думку чыноўнікаў, Беларусь праз гэта недаатрымала падатак на прыбытак. Паколькі тэрмін даўнасці па падатковых злачынствах 10 гадоў, Валерыя Астрынскага асудзілі.
Каб прэтэндаваць на мінімальны тэрмін, суразмоўнік выплаціў шкоду і пеню на суму, роўную суме шкоды.
— Шкода вялікая. Лічбамі не буду апераваць, яны могуць спалохаць, — кажа Валерый Астрынскі.
"52 чалавекі з майго акружэння праходзілі па артыкулах"
У фэйсбуку суразмоўнік пажартаваў, што створыць "партыю крымінальнікаў", раз цяпер яму нельга весці прадпрымальніцкую дзейнасць.
— Гэта, вядома, быў жарт. Хоць у кожным жарце ёсць доля праўды. Я неяк падлічыў, што са спіса майго найбліжэйшага акружэння каля 52 чалавек праходзілі, а некаторыя нават адбывалі крымінальныя тэрміны па палітычных або эканамічных артыкулах.
Пакуль Валерый збіраецца асталявацца ў вёсцы і, наколькі гэта магчыма, развіваць стартап-экасістэму.
— Я ж працягваю быць старшынёй праўлення сеткі бізнес-анёлаў. Пакуль не вызначыўся, ці буду асабіста займацца інвеставаннем. Не вельмі зразумела, што значыць абмежаванне на вядзенне прадпрымальніцкай дзейнасці. Нельга быць іпэшнікам, інвестарам, кіраўніком?
"Нават у Паўночнай Карэі расказвалі пра прыватны бізнес"
Суразмоўнік упэўнены, што, нягледзячы на крымінальныя артыкулы за эканамічныя злачынствы і палітычны крызіс, нейкая эканамічная актыўнасць у Беларусі ўсё роўна будзе. Пытанне толькі ў яе інтэнсіўнасці.
— Калі я быў у Паўночнай Карэі, нам расказвалі, што там ёсць нейкія прыватныя асобы, якія робяць бізнес. У Савецкім Саюзе былі фабрыканты, якія нават па артыкулах расстрэлу праходзілі, і ўсё роўна людзі гэтым займаліся.
Усё ж палітычны крызіс ударыў па інвестыцыйным клімаце.
— Крэатыўная супольнасць даволі рухомая. Ёй патрэбен вялікі ўзровень свабоды. Многія крэатыўшчыкі, гэта відаць нават па івэнтарах, з'ехалі. Паводле майго суб'ектыўнага ўспрымання, здаецца, што з крэатыўнага класа, які быў на перадавой, у тым ліку і палітычна, адсоткаў 50 з'ехала. Калі глядзець па IT больш шырока, то каля 25 адсоткаў з'ехала.
Валерый адзначае, што не плануе з'язджаць.
— Можа быць, потым. У якасці прыгоды. Было б цікава працяглы час правесці ў Бразіліі або Перу. Але гэта не будзе звязана з нейкімі рызыкамі для мяне.
Цяпер збіраюся зазямліцца ў вёсцы і тое, што адбываецца ў Беларусі, ўспрымаю крыху па-будысцку. Буду займацца стартап-экасістэмай, сацыяльнымі актыўнасцямі, якія мяне драйвяць, — робіць выснову Валерый Астрынскі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.