У космасе знайшлі таямнічы расійскі аб'ект
Цяпер яго вывучаюць спецыялісты.
Вывучэннем таямнічага касмічнага аб'екта займаюцца заходнія астраномы і спецыялісты амерыканскай разведслужбы NORAD. Паведамляецца, што ён быў запушчаны Расіяй у траўні сёлета. Дагэтуль спецыялісты не могуць вызначыць, з якой мэтай ён знаходзіцца на арбіце Зямлі.
Як піша газета Financial Times, аб'ект атрымаў назву 2014-28Е. Спачатку яго палічылі касмічным смеццем, але пасля спецыялісты прыйшлі да высновы, што ён быў запушчаны 23 траўня 2014 года з расійскага касмадрома Плесецк разам з трыма спадарожнікамі і неабходны для іх рамонту.
Аднак пазней заходнія астраномы і разведчыкі схіліліся да версіі, што гэта ўсё ж вайсковы аб'ект і ён можа быць пагрозай для замежных спадарожнікаў. Не выключаецца, што расіяне праводзяць нейкі эксперымент. Магчыма, маецца на ўвазе адпрацоўка імавернай атакі на іншыя спадарожнікі.
Міністэрства абароны Расіі сітуацыю з таямнічым аб'ектам не каментуе.
Фота — Reuters