У красавіку 2014-га апазіцыя можа абраць адзінага кандыдата ў прэзідэнты
Прапануецца гэта зрабіць на чарговым Усебеларускім кангрэсе.
Нагадаем, з такой прапановай сёлета выступіў аргкамітэт па стварэнні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя. Цяпер ідзе яе актыўнае абмеркаванне сярод апазіцыйных сілаў.
Вось што распавёў Еўрарадыё сустаршыня аргкамітэта Віталь Рымашэўскі:
"Усебеларускі кангрэс — гэта ідэя, якая сумяшчае ў сабе як праймерыз, які прапаноўвае адна частка апазіцыі, так і правядзенне кангрэсу. Гэта значыць, мы прапануем правесці шырокі праймерыз, галасаванне праз інтэрнэт, і даць магчымасць грамадзянам Рэспублікі Беларусь выказацца. І зрабіць такое рэйтынгавае галасаванне, каго б яны маглі падтрымаць сярод прапанаваных лідараў на прэзідэнцкую кампанію".
Тыя з палітыкаў, якія атрымаюць найбольшую падтрымку, на кангрэсе дэмакратычных сілаў могуць прэтэндаваць на адзінага кандыдата на прэзідэнцкія выбары. Там жа мусіць быць зацверджаная і стратэгія.
Паводле слоў Рымашэўскага, дакладных дамоўленасцяў наконт кангрэсу і яго праграмы пакуль няма, але яны могуць быць дасягнутыя ўжо ў бліжэйшы час. Пярэчанняў супраць вылучэння адзінага кандыдата ніхто не мае, кажа Віталь Рымашэўскі.
Фота — bymedia.net