У Лёзне прагарэла вытворчасць сыра камамбер, на якую вылучылі 4 мільёны еўра

У Лёзне прагарэла вытворчасць сыра камамбер, на якую вылучылі 4 мільёны еўра

Лёзненскі вытворчы цэх ААТ "Малако" не здолеў разгарнуць вытворчасць сыру камамбер з белай цвіллю, на якую выдаткавалі 4 000 000 еўра. Пры гэтым ранейшая вытворчасць сыру "Сулугуні" была істотна скарочаная. У выніку прадпрыемства згубіла рэнтабельнасць.

Гаворка пра гэта ішла на сходзе калектыву з удзелам гендырэктара галаўнога прадпрыемства Міхаіла Пінчука 12 сакавіка, піша газета "Сцяг перамогі".

Яшчэ ў 2017 годзе рэнтабельнасць цэха складала каля 9%. За год ён выпусціў больш за 400 000 кілаграмаў сыру. Прычым палову "Сулугуні", які вырабляўся ў Лёзне, прадавалі ў Расіі.

Аднак у 2018 годзе там вырашылі наладзіць выраб сыру з белай плесняй. Выпуск "Сулугуні" перанеслі ў Шуміліна, куды адвезлі і тэхналагічную лінію. На закупку тэхналагічнай лініі для камамберу выдаткавалі 4 000 000 еўра, удакладняюць "Народныя навіны Віцебска". Пазней "Народныя навіны Віцебска" ўдакладнілі, што тэндар на закупку лініі па вытворчасці камамбера быў абвешчаны, але не адбыўся, таму сродкі не былі патрачаныя. 

Як вынікае са словаў дырэктара філіяла Сяргея Красоўскага, вытворчасцю сыру займаліся наўгад: "Нам жа ніхто не даў дакладнага рэцэпту, таму шукалі інфармацыю ў інтэрнэце, эксперыментавалі, спрабавалі тое, што атрымалася, і не заўсёды радаваліся выніку". 

А калі вытворчасць сыру ўдалося наладзіць, дык лёзненцы не сталі яго купляць, скардзіцца дырэктар. Маўляў, не звыклыя да сыру з плесняй.

У выніку ў Лёзна вярнулі вытворчасць "Сулугуні", але ранейшыя рынкі збыту былі ўжо страчаныя. Цяпер вытворчасць "Сулугуні" быдзе лічыцца ў Лёзне асноўнай, а выраб камамберу — дадатковым.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі