У магілёўскім судзе міліцыянта злавілі на фальсіфікацыі рапарта
Скарга на міліцыянта была адпраўленая ў Адміністрацыю прэзідэнта.
Магіляўчанка Наталля Самахвалава скардзілася з нагоды таго, што ў доме 15 па вуліцы Лазарэнкі адбываецца вандальская рэканструкцыя дома. Па яе словах, з гаўбца дома скралі каваныя краты, а бетонная пліта з пазнакай даты будаўніцтва дома “1910 год” знікла ў невядомым напрамку.
Скаргі не спадабаліся кіраўнікам будаўнічай фірмы “Сектар”, якая займаецца рэканструкцыяй дома. Яны падалі ў суд на Самахвалаву, каб прызнаць неабгрунтаванымі яе скаргі ў розныя інстанцыі. Аднак суд стаў на бок грамадскай актывісткі.
У судзе разглядаўся рапарт міліцыянта. У ім сцвярджалася, што грамадская актывістка адмовілася ад сустрэчы з міліцыянтам і дачы тлумачэнняў з нагоды сваёй скаргі ў Адміністрацыю прэзідэнта. Падлог дакумента быў выяўлены, калі суддзя запатрабаваў ад міліцыі дакументы аб праверцы з нагоды скаргі Самахвалавай.
Пасля суда праваабаронца Уладзімір Краўчанка выслаў ліст у Адміністрацыю прэзідэнта. Ён адзначыў факты крадзяжа дзяржаўнай маёмасці, а таксама фальсіфікацыю рапарта магілёўскім міліцыянтам.
Фота — ua-slovo.net