У Магілёве чыноўнікі прапануюць усталяваць помнік расійскаму губернатару

Улады ў Магілёве прапануюць усталяваць помнік расійскаму губернатару Аляксандру Дэмбавецкаму (1840 — каля 1917 г.). Ён кіраваў Магілёўскай губерняй у 1872-1893 гадах (у той час Беларусь уваходзіла ў склад Расійскай імперыі), паказаў сябе "моцным гаспадарнікам", вывеў рэгіён з крызіснага стану. З прапановай усталяваць помнік выступіў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Даманеўскі. Яшчэ раней такую ініцыятыву агучыў старшыня гарвыканкама Уладзімір Цумараў.

Тым часам магілёўцы неадназначна ўспрынялі жаданне кіраўніка вобласці ўшанаваць памяць расійскага дзяржаўнага дзеяча. Раней у Магілёве цалкам правалілася ініцыятыва чыноўнікаў усталяваць помнік апошняму расійскаму імператару Мікалаю ІІ.

Найбольш прынцыповую пазіцыю ў гэтым пытанні займае Магілёўская абласная арганізацыя Партыі БНФ. Вось што кажа яе кіраўнік Зміцер Салаўёў:

"Я лічу, што гэта заўчасна. Мабыць, калі-небудзь, гэта і будзе трэба, але ў нас столькі неўшанаваных сапраўды беларусаў, якія зрабілі шмат чаго для Беларусі і для Магілёва... Я не думаю, што гэта варта рабіць зараз, асабліва ў такі момант, калі існуе неадназначная рэакцыя грамадства на “сяброўства” з Расіяй, усталёўваць нейкія помнікі расійскім дзеячам".

Дарэчы, старшыня Магілёўскага аблвыканкама мяркуе, што арганізацыя збору сродкаў на помнік зоймуцца дэпутаты абласнога савета.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі