У мінскім аэрапорце затрымалі замежніка з фальшывым пашпартам, купленым за $1100
У Нацыяальным аэрапорце "Мінск" памежнікі затрымалі замежніка, які спрабаваў трапіць на самалёт з падробленым пашпартам. Таксама высветлілася, што ён знаходзіцца ў міжнародным вышуку, паведамляе прэс-служба Памежнага камітэта.
Здарэнне адбылося 28 лютага. 29-гадовы грамадзянін Манголіі афармляўся на рэйс Мінск-Кіеў. Памежнікі звярнулі ўвагу, што ў пашпарце ёсць прыкметы частковай падробкі. Праверка выявіла, што ў дакуменце цалкам замененая старонка са звесткамі пра ўладальніка.
Замежнік прызнаўся, што пашпарт быў падроблены. Ён заявіў, што яму 26 гадоў, а не 29, як напісана ў пашпарце. Дакумент ён купіў за 1100 долараў з дапамогай знаёмых.
Замежніка змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання. Яму пагражае адміністрацыйная адказнасць за парушэнне правілаў знаходжання і спробу незаконнага перасячэння мяжы, а таксама крымінальная — да двух гадоў абмежавання волі за выкарыстанне падробленага дакумента.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.