У Мінску адрамантуюць парк Янкі Купалы і Кіеўскі сквер
Сталічны парк Янкі Купалы і Кіеўскі сквер чакае капітальны рамонт. Такімі планамі падзяліўся падчас наўпроставай лініі намеснік старшыні адміністрацыі Цэнтральнага раёна Мінска Вадзім Перадня.
Як перадае агенцтва “Мінск-Навіны”, у наступным годзе чакаецца распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі для будучага рамонту Кіеўскага сквера. Мяркуецца, што там адновяць пешаходныя сцежкі, заменяць асвятляльныя мачты і лавачкі.
Не выключаецца і праца па рэарганізацыі прасторы каля фантана. Ён пакуль нічыйны і цяпер рыхтуюць дакументы для перадачы яго на баланс “Мінскзелянбуда”.
А ў парку Янкі Купалы ўжо абнавілі асфальтавае пакрыццё набярэжнай. Налета зробяць капітальны рамонт у зялёнай зоне.
Таксама адміністрацыя Цэнтральнага раёна будзе дамагацца рамонту зялёнай зоны паміж вуліцай Кальварыйскай і вуліцай Максіма Танка.