У Мінску пачаўся суд Седат Ігдзеджы vs Валерый Цапкала
Седат Ігдзеджы каля будынка суда / Еўрарадыё
21 ліпеня ў судзе Першамайскага раёна пачалося папярэдняе слуханне па грамадзянскім іску Седата Ігдзеджы да Валерыя Цапкалы. Турэцкі бізнесмен патрабуе выдаліць з ютуб-канала палітыка стрым, у якім экс-старшыня ПВТ называе яго махляром, які кінуў сотні людзей і сотні кампаній, і абвергнуць гэтыя словы.
З боку Валерыя Цапкалы ніхто ў суд не з'явіўся. Суддзя вырашыла правесці пасяджэнне, нягледзячы на адсутнасць адказчыка. Хадайніцтва Цапкалы, у якім ён прасіў адкласці разбор, не было задаволенае.
Інтарэсы Седата Ігдзеджы прадстаўляў адвакат Алег Стоцкі. Ён зачытаў словы Цапкалы са стрыму на "Ютубе" і сказаў, што абвінавачанні ў махлярстве не адпавядаюць рэчаіснасці.
Турэцкі бізнесмен папрасіў далучыць да матэрыялаў справы дакументы і флэшку з відэа. Паперы, паводле яго слоў, датычацца хабараў і пераводаў на рахункі кіпрскіх кампаній, а таксама аплаты адпачынку сям'і ў Крыме. А відэа — той самы ролік у агіднай якасці, у якім чалавек, падобны да Цапкалы, адпачывае ў кампаніі жанчын лёгкіх паводзін.
Таксама Ігдзеджы расказаў суддзі пра свае ўзаемаадносіны з Цапкалам. Ён дадаў, што за апошні час яму і яго сям'і прыйшло каля 500 паведамленняў і каментароў з пагрозамі спаліць дом і пагрозамі яго дзецям.
Разбор працягнецца ў пачатку жніўня.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.