У Мсціславе знайшлі гістарычныя сутарэнні, але вырашылі закапаць (фота)

У Мсціславе знайшлі гістарычныя сутарэнні, але вырашылі закапаць (фота)

У Мсціславе рыхтуюцца да абласных "Дажынак". Але падчас будаўніцтва паркоўкі каля дома культуры нечакана выявілі гістарычныя падземныя збудаванні. Аднак будаўніцтва пры гэтым не спынілася.

Як піша сайт horki.info, падземныя збудаванні з чырвонай цэглы знайшлі ўвечары 25 траўня. Па словах відавочцаў, яны бачылі пяць хадоў пад зямлю. Таксама ў збудаванні захаваліся цалкам цагляныя столі і пакоі з дзвярыма.

Аднак будаўнікі вырашылі не спыняць працы: на месца прыехаў бульдозер, які разбурыў гістарычныя збудаванні і закапаў.

Метадыст па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Мсціслаўскага раённага гісторыка-археалагічнага музея Мікалай Жабыка запэўнівае, што гэтыя збудаванні не вельмі даўнія. Па яго словах, там знаходзіліся сутарэнні гандлёвых шэрагаў канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. Самі шэрагі знеслі ў 1960-1970-я гады, а пра сутарэнні амаль ніхто не памятаў.
 
І супрацоўнік Мсціслаўскага музея, і кіраўнік таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч запэўніваюць, што будаўнікі не парушылі закон, бо зона будаўніцтва паркоўкі не з'яўляецца ахоўнай. А знойдзеныя сутарэнні не ўваходзілі ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў.

Праўда, яны не тлумачаць, як маглі трапіць у спіс сутарэнні, калі іх толькі знайшлі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі