У МУС не знайшлі фактаў катаванняў і згвалтаванняў пратэстоўцаў

У МУС не знайшлі фактаў катаванняў і згвалтаванняў пратэстоўцаў

У МУС заяўляюць, што не было выяўлена фактаў гвалту, катаванняў і згвалтаванняў пратэстоўцаў міліцыянтамі. Таму міжнародная ацэнка беларускай сітуацыі, маўляў, грунтуецца на недакладнай інфармацыі. 

"Тая негатыўная ацэнка, якая даецца міжнароднай супольнасцю сітуацыі ў Беларусі, заснаваная на недакладнай інфармацыі. На жаль, не называюцца канкрэтныя факты гвалту, канкрэтныя факты катаванняў, згвалтаванняў і гэтак далей. Усё неяк агульна", — перадае БЕЛТА словы першага намесніка міністра ўнутраных спраў — начальніка крымінальнай міліцыі Генадзя Казакевіча.

Кіраўніцтва МУС 2 кастрычніка сустракалася з пастаянным каардынатарам ААН у Беларусі Янай Казана-Вішнявецкі. Казакевіч заявіў, што прадстаўніку ААН была пададзеная інфармацыя, якая абвяргае фэйкавыя навіны пра катаванні і згвалтаванні з боку праваахоўнікаў. "Спачатку ў нас былі згвалтаванні жанчын — яны не пацвердзіліся. Потым былі згвалтаванні мужчын — яны таксама не пацвердзіліся. Мы пакрокава, даследуючы абставіны кожнай падобнай заявы, прыходзім да разумення таго, што гэтага не было", — заявіў ён.

Як распавядала Еўрарадыё, 1 верасня ўпраўленне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека апублікавала заяву пра катаванні ў Беларусі. Дакумент падпісалі 13 экспертаў. У ім паведамлялася пра 450 задакументаваных выпадкаў катавання. 

Казакевіч заявіў прадстаўніку ААН, што паступіла некалькі тысяч зваротаў грамадзян, і кожны будзе належным чынам правераны Следчым камітэтам пад наглядам Генпракуратуры. Пакуль жа, маўляў, не пацвердзіўся ніводзін выпадак гвалту. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі