У Паставах выставілі на продаж старэнькі "Гольф" палітзняволенага
Аўтамабіль Валерыя Раманоўскага
У Паставах арыштаваны і выстаўлены на продаж аўтамабіль Volkswagen Golf палітзняволенага Валерыя Раманоўскага. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал "Віцебск, я гуляю". Раманоўскага вясной 2023 года судзілі за здраду дзяржаве. Прысуд быў вынесены ў закрытым рэжыме. Вынік суда невядомы.
Валерый Раманоўскі — былы кіраўнік Службы паветранай выведкі. Так яго назвалі ў фільме тэлеканала "Беларусь 1", які выйшаў у эфір у снежні 2022 года. У фільме гаварылася, што сваяк з Літвы пазнаёміў Раманоўскага з агентамі дэпартамента літоўскай дзяржбяспекі. І для іх ён нібыта фатаграфаваў службовыя дакументы і аднойчы перадаў звесткі аб будаўніцтве БелАЭС. Праваабаронцы прызналі Валерыя Раманоўскага палітзняволеным.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.