У Пінску затрымалі мужчыну з інваліднасцю, з ІЧУ яго забрала хуткая
ІЧУ Пінскага РАУС / скрыншот відэа
У Пінску за рэпост антываеннай карцінкі затрымалі мужчыну з інваліднасцю, з ІЧУ яго забрала хуткая дапамога. Гісторыю Мікалая Клімовіча расказвае рэсурс @pozirkonline. Мужчына размясціў у сацсетцы "Аднакласнікі" малюнак з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. Пуцін быў намаляваны ў эсэсаўскай форме, а за ім была свастыка. На малюнку таксама быў тэкст "Фашысты — гэта тыя людзі, хто нападае на чужыя краіны, а не тыя, хто абараняе сваю Радзіму".
"Затрымалі праз мае праўкраінскія погляды. Я выступаў супраць вайны, і, можна сказаць, вельмі жорстка", — кажа Клімовіч. Пасля гэтай публікацыі да яго прыйшлі супрацоўнікі ГУБАЗіК. З Клімовічам тройчы запісвалі "пакаяннае" відэа і вазілі з аднаго ўчастка ў другі. У нейкі момант ён адчуў сябе кепска, папрасіў выклікаць хуткую. Аднак на яго просьбу адрэагавалі толькі, калі ён апынуўся ў ІЧУ. Раней Клімовіч перанёс інсульт і складаную аперацыю на сэрцы.
"Дактары ў ІЧУ зрабілі мне ўкол і завезлі ў бальніцу, дзе мне аказалі першую дапамогу. Сказалі: інакш мог бы да раніцы і не дажыць", — расказвае Клімовіч. З бальніцы яго адпусцілі дадому, але з умовай, што ён прыйдзе на суд 23 снежня. Жыхара Пінска абвінавачваюць у распаўсюдзе "экстрэмісцкіх матэрыялаў".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.